Чарговае ДТЗ з аўтобусам. 19 чалавек шпіталізавалі


19 чалавек шпіталізавалі ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў Менскім раёне з удзелам аўтобуса з турыстамі, паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Паводле інфармацыі МНС, 14 студзеня а 19:48 ад дыспетчара хуткай медычнай дапамогі паступіла паведамленне аб ДТЗ з удзелам аўтобуса на аўтадарозе Р-58 Менск–Мядзель непадалёк вёскі Лускава Менскага раёну. Да месца ДТЗ неадкладна накіравалі больш за 40 адзінак тэхнікі: МНС і брыгады хуткай медычнай дапамогі.
Устаноўлена, што аўтобус МАЗ, які ехаў па маршруце Паставы–Менск, з’ехаў з дарогі і перакуліўся на бок. У аўтобусе былі 44 чалавекі (42 пасажыры, адзін кіроўца, адзін экскурсавод), якія самастойна выбраліся з салону. Транспарт быў арандаваны для турыстычнай паездкі працаўнікоў аднаго са сталічных прадпрыемстваў ды іхных сем’яў.
У шпіталі даставілі 34 пасажыры. Паводле інфармацыі, атрыманай ад медыкаў, шпіталізацыя спатрэбілася 19 пацярпелым, у тым ліку тром дзецям. Астатнія пасажыры адправіліся ў Менск іншым аўтобусам прадпрыемства, якому належыць перакулены МАЗ.
Працаўнікі Рэспубліканскага атраду спецыяльнага прызначэння з дапамогаю 25-тоннага крана паставілі аўтобус на колы ў транспартнае становішча.
Расследаванне прычынаў і акалічнасцяў ДТЗ праводзіць ДАІ Менскага раёну.
Варта адзначыць, што гэта не адзінае такое здарэнне за апошнія некалькі дзён. Увечары 13 студзеня ў Гарадзенскай вобласці ў ДТЗ трапілі два аўтобусы. Рэйсавы аўтобус Берасце–Ліда перакуліўся ў Дзятлаўскім раёне. Дзве жанчыны з пераломамі трапілі ў шпіталь.
У Шчучынскім раёне перакуліўся маршрутны аўтобус з пасажырамі, які ажыццяўляў рэйс Смаргонь–Горадня. У лякарню з пераломам ключыцы і рэбраў даставілі аднаго з пяці пасажыраў.
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары