Валер Карбалевіч: Дзяржава не ў стане выканаць сацыяльных абавязкаў


Беларуская эканоміка не вытрымала канцэпцыі сацыяльнай дзяржавы – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч. Адзін з паказнікаў гэтага – зварочванне маштабнага ільготнага крэдытавання на будаўніцтва жылля.

Спіс катэгорыяў грамадзянаў, якія могуць атрымаць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, змянілі. На грошы па-ранейшаму могуць разлічваць шматдзетныя сем’і. Пералік стаў меншы за кошт выключэння са спісу малазабяспечаных грамадзянаў, а таксама маладых сем’яў без дзяцей. Пры гэтым сярод “ільготнікаў” засталіся сілавікі, пракуроры ды суддзі. Спіс скарэктавалі, паводле прэс-службы прэзідэнта, “дзеля аптымізацыі ільготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва і звязаных з ім бюджэтных выдаткаў”.

“Тое, што прадстаўнікі сілавых структураў апынуліся ў прывілеяваным становішчы, зразумела. Любыя недэмакратычныя рэжымы заўсёды падтрымлівалі сілавыя структуры, – гаворыць Валер Карбалевіч. – Ва ўмовах крызісу хто мусіць бараніць Лукашэнку і ягоны рэжым? Сілавыя структуры. Каб яны рабілі гэта з ахвотаю, трэба стварыць ім пэўныя ільготы і прывілеі. Тут зразумелая логіка прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі”.

Эксперт мяркуе, што “аптымізацыя” дзяржаўных выдаткаў працягнецца, а заплацяць за гэта шараговыя беларусы, напрыклад, будуць і далей падвышацца камунальныя тарыфы. “Тыя сацыяльныя абавязкі, што ўзяла на сябе, дзяржава сёння выканаць не ў стане. Зразумела, што людзям, якіяо прызвычаіліся да дзяржаўнага падтрымання, цяпер цяжка”, – дадаў Валер Карбалевіч. Асабліва балючы гэты ўдар будзе для малазабяспечаных сем’яў ды пенсіянераў.

belsat.eu

Стужка навінаў