Кампаннера Уґа б’е уласны рэкорд


Амаль 11 гадзінаў выступаў прэзідэнт Венесуэлы перад дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі. Падсумаванне вынікаў мінулага года распачалося а 13 гадзіне мясцовага часу і скончылася апоўначы.

Уґа Чавэс традыцыйна прысвяціў вялікую частку прамовы Злучаным Штатам, якія днямі звінавацілі аднаго з венесуэльскіх дыпламатаў у шпіянажы і выслалі яго з краіны. У адказ Чавэс абвесціў пра закрыццё консульства ў Маямі. Гэты крок ударыць па дзясятках тысячаў венесуэльцаў, што жывуць у ЗША.

“Міністр замежных справаў Нікаляс Мандура (Nicolás Maduro) рэкамендаваў мне закрыць консульства. Ну добра, мы закрыем яго. Мы збіраемся гэта зрабіць. Не будзе консульства ў Маямі. Хтосьці таксама раіў мне выгнаць Элкіна (Alcuin, амбасада ЗША ў Венесуэле). Але ж не, мы не будзем рэагаваць так, як яны. Я не маю ніякіх прычынаў выганяць якога заўгодна консула Злучаных Штатаў. А ў нас іх хапае. Колькі іх там? Ці ёсць нейкія доказы таго, што хтосьці з іх шпіёніць? Не. Ну хіба не праўда, Нікаляс? Няма і, спадзяюся, ніколі не будзе. Таму з усёю павагаю я не буду паводзіць сябе так, як яны. На дадзены момант тое, што мы збіраемся зрабіць, – гэта адміністрацыйна закрыць пасольства”, – зазначыў Чавэс.

Прэзідэнт Венесуэлы таксама ўсклаў віну на ЗША ў забойстве іранскага навукоўца-ядравіка. Чавэс упэўнены, што гэта было здзейснена сакрэтнымі спецслужбамі Брытаніі або ЗША.

“То бок, сакрэтны агент брытанскай службы Яе Міласці… сакрэтны агент, як з тых фільмаў пра Джэймза Бонда, дзе ён мае ліцэнзію забіваць, дзе захоча, каго захоча і як захоча. Дык вось, Джэймз Бонд… Гэта свет якога мы хочам?! Гэта свет вар’яцтва”, – сказаў кіраўнік Венесуэлы.

Чавэс паабяцаў, што будзе першым, хто прызнае перамогу апазіцыі ў выбарах і патрабуе таго ж самага ад сваіх апанентаў, якія, зрэшты, упэўненыя ў тым, што і гэтыя выбары будуць сфальсіфікаваныя.

belsat.eu

Стужка навінаў