Павал Усаў у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/hC0-apmzTWg
Цывілізаваны свет разводзіць рукамі. Злучаныя Штаты Амерыкі не бачаць будучыні ў дачыненнях з Беларуссю – заявіў Філіп Гордан, дарадца дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан. Адмоўныя сігналы ідуць і з аб’яднанай Еўропы. Еўразвяз гатовы пашырыць “чорны спіс” чыноўнікаў і дзяржаўных службоўцаў, датычных да рэпрэсіяў у Беларусі.

Ва ўладаў нашай краіны была магчымасць пачаць паважаць дэмакратыю і правы чалавека ды рухацца да лепшых стасункаў з Вашынгтонам, мяркуюць у Злучаных Штатах. Але афіцыйны Менск спачатку ўчыніў расправу над апазіцыяй, а потым – кінуў за краты праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Цярплівасць ЗША не вытрывала, доказ гэтага – эканамічныя і візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску ды ўжо супольныя з Еўропаю дзеянні супраць недэмакратычнай сістэмы ў Беларусі. 23 студзеня, пасля разгляду вострага для ўсяго свету іранскага пытання, Рада міністраў замежных справаў Еўразвязу мае прыняць рашэнне пра абмежаванне свабоды перасоўвання для яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў.

Старшынёўства ў Еўразвязе скончыла Польшча. Вынікі сваёй працы на пасадзе старшыні ЕЗ падводзіў сёння Ежы Бузэк. Беларусь ён назваў сваёю паразаю.

“Калі б у мяне запыталі, якая параза была цягам гэтага часу, то ў першую чаргу я б назваў сітуацыю ў Беларусі. Гэта справа, якой не атрымалася вырашыць. Больш за тое – сёння яна выглядае горш, чым два з паловаю гады таму, калі я распачынаў сваю дзейнасць. Думаю, што мы зрабілі ўсё магчымае. З аднаго боку, мы спрабавалі паказаць, што хочам супрацоўнічаць, прапаноўваем канкрэтныя праекты – у выпадку, калі сітуацыя будзе набліжацца да дэмакратызацыі. А з іншага боку, мы востра рэагавалі – уводзілі санкцыі”, – зазначыў спадар Бузэк.

Паводле палітолага Паўла Усава, адною з асноўных памылак было тое, што Еўразвяз як структура не агучыў, што хоча бачыць Беларусь сваёю часткаю.

“Была прапанова “Усходняга партнёрства”, але гэта больш сімвалічны, чым палітычны праект, які мае за мэту адцягнуць былыя савецкія рэспублікі ад Расеі. І гэтага недастаткова, калі мы будзем параўноўваць з рэінтэграцыяй на чале з Расеяй. Бо прапанова Расеі ёсць не толькі палітычнаю, але таксама эканамічнаю, стратэгічнаю і вайсковаю. А “Усходняе партнёрства”, на жаль, абмяжоўваецца вось такімі сімвалічнымі прапановамі”, – кажа палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары