БХД усцяж спрабуе зарэгістравацца


Улады ўзмацнілі ціск на заснавальнікаў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), каб прымусіць іх адклікаць свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі партыі. Пра гэта 13 студзеня на прэс-канферэнцыі заявіў адказны сакратар аргкамітэту ў стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго, за апошні час зафіксавана больш за 20 пацверджаных фактаў ціску на актывістаў – з тым, каб яны адклікалі свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі БХД. “Усе тэлефанаванні, усе пагрозы зыходзяць не з Міністэрства юстыцыі, а ад мясцовай адміністрацыі, мясцовых працаўнікоў міліцыі ды адміністрацыі прадпрыемстваў, на якіх людзі працуюць, і ад працоўнікаў КДБ. Людзям кажуць, што калі яны не выйдуць з заснавальнікаў БХД, то страцяць працу або вучобу, з імі не працягнуць працоўных кантрактаў, і гэтак далей”, – распавёў Садоўскі.

Ён паведаміў, што такія выпадкі зафіксаваныя ў Менску, Мёрах (Віцебская вобласць), Нароўлі (Гомельская вобласць).

“Пры тым не зафіксавана ніводнага тэлефанавання з праверкаю з Мінюсту, які нібыта правярае дакументы. А ўсе астатнія органы ўлады задзеяныя дзеля таго, каб Мінюст атрымаў падставы для адмовы ў рэгістрацыі партыі”, – лічыць Садоўскі.

Акрамя таго, аргкамітэт у стварэнні партыі БХД лічыць незаконным рашэнне Міністэрства юстыцыі прыпыніць працэс рэгістрацыі партыі. Паводле Садоўскага, рэгістрацыя прыпыненая ў сувязі з тым, што лістом ад 22 снежня Міністэрства юстыцыі да 5 студзеня прапанавала падаць аргкамітэту БХД дадатковыя дакументы дзеля рэгістрацыі партыі. “Аднак у вызначаны тэрмін пазначаны запыт органу рэгістрацыі не задаволены. Гэта не дазваляе Мінюсту пераканацца ў тым, што партыя БХД створаная ў вызначаным парадку, а таксама ў тым, што дакументы адносна юрыдычнага адрасу партыі – сапраўдныя”, – сказаў Садоўскі. На гэтай падставе Мінюст прыпыніў працэс рэгістрацыі БХД.

Аднак, як адзначыў Садоўскі, патрабаванні Міністэрства юстыцыі не маюць ніякіх законных падставаў. “Дзеля рэгістрацыі партыі існуе пералік дакументаў, які жорстка рэгламентаваны, і ўсе дакументы былі пададзеныя ў Мінюст 20 снежня 2011 г. Але Мінюст запатрабаваў чатыры дакументы, якія ніяк не рэгламентаваныя заканадаўствам, і падаваць іх мы не мусілі. Некаторыя з іх наагул абсурдныя. Мінюст запатрабаваў ад нас дакумент, які пацвярджае, што ўласнік памяшкання гатовы даць нам юрыдычны адрас, мае права гэты адрас даваць і здаваць у арэнду памяшканні. Прабачце, гэта пытанне не да нас, а да суб’екту гаспадарання”, – адзначыў Садоўскі.

Тым не менш, працягнуў Садоўскі, Беларуская хрысціянская дэмакратыя падала гэтыя дакументы Міністэрству юстыцыі. Садоўскі прадэманстраваў журналістам квіток пра прыняты заказны ліст на адрас міністэрства, які, паводле яго, сведчыць, што 5 студзеня дакументы былі высланыя. “Такім чынам, мы выканалі нават тыя патрабаванні Мінюсту, якія не прадугледжаныя законам”, – заўважыў Садоўскі.

“6 студзеня Мінюст робіць выгляд, што гэтых дакументаў мы не падалі, і выносіць рашэнне аб прыпыненні рэгістрацыі партыі. Афіцыйны ліст пра гэта нам прыходзіць увечары 11 студзеня. Ужо 12 студзеня мы накіравалі афіцыйны пратэст у Мінюст на такое рашэнне”, – сказаў Садоўскі.

Паводле яго, калі Мінюст не зменіць свайго рашэння, аргкамітэт БХД будзе звяртацца ў суд з пазовам на Міністэрства юстыцыі ды ў міжнародныя інстанцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў