13 студзеня, дваццаць адзін год таму, 14 чалавек загінулі ў Вільні, калі савецкія войскі паспрабавалі зрынуць законна абраныя ўлады Літвы, якая абвесціла незалежнасць краіны.
12 студзеня 1991 г. камандзір Віленскай вайсковай акругі генерал Уладзімір Усхопчык паведаміў пра манеўры з удзелам пскоўскіх дэсантнікаў групы “Альфа”. У ноч на 13 студзеня ў Вільню рушылі танкі ды атачылі будынак тэлецэнтру і тэлевізійную вежу, адкуль журналісты ўсю ноч вялі трансляцыю пра падзеі ў краіне.
Урэшце савецкія войскі захапілі гэтыя будынкі, аднак падчас атакі загінулі 14 і пацярпелі больш за тысячу няўзброеных абаронцаў тэлецэнтру. Аднак пайсці на штурм будынку Вярхоўнага Савету Літвы так і не наважыліся. Удзень і ўначы дзясяткі тысячаў чалавек стаялі на моцным марозе супраць савецкіх танкаў. І войскі адступілі.
А Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаць Літве генерала Усхопчыка, які застаецца галоўным абвінавачаным у справе аб дзяржаўным перавароце. Замест гэтага прэзідэнт Беларусі прызначыў яго намеснікам міністра абароны ў 2000 г., а 23 лютага 2004 г. уганараваў ордэнам “За службу Радзіме” 1-й ступені. Цяпер Уладзімір Усхопчык працуе ў кампаніі “Белзнешпрамсервіс”.
belsat.eu