Гандлёвыя альтанкі замест аднаўлення Замкавай гары


У “Праграме развіцця Браслаўскага раёну на 2011–2015 гг.” ёсць праект правядзення археалагічных раскопак з аднаўленнем фрагментаў старажытнага гарадзішча і будаўніцтвам амфітэатру.

“Але паколькі грошай у бюджэце на гэта няма, на Замкавай гары пачалі ставіць драўляныя домікі-альтанкі. Яны не маюць да гістарычнага мінулага Браслава ніякага дачынення, – кажа мясцовы краязнаўца Кастусь Шыдлоўскі. – Запланавана, што ў гэтых хатках летам маюць працаваць майстры народных промыслаў, дэманструючы сваё мастацтва гасцям гораду. Але гэта прафанацыя гісторыі. Нашмат лепш было б захаваць ландшафт Замкавай гары некранутым, бо гэтая мясцовасць нясе адбітак гісторыі”.

Будынкі ставяць на падмурку – гэтак атрымалася абысці закон, які абмяжоўвае земляныя працы на археалагічных помніках. Добраўпарадкаванне на Замкавай гары праводзіцца без кансультацыяў з грамадскасцю і без уліку меркавання гісторыкаў.

У Браслаўскім раёне спадзяюцца зрэалізаваць 12 турыстычных інвестыцыйных праектаў, сярод якіх – два новыя гатэлі (адзін з іх адмыслова для высокіх гасцей), будаўніцтва яхт-клубу ды сучаснага кінатэатру 3D. Разам з тым, трэці год запар не могуць скончыць аднаўлення аўтастанцыі ў горадзе. Цяпер пасажыры выпраўляюцца з прыпынку, дзе няма нават даху. “Нестае грошай, каб скончыць аб’ект, – кажа дырэктар АТП-18 Мікалай Курэц. – Спадзяемся, што новы аўтавакзал запрацуе на пачатку лета”.

Дарэчы, нядаўна абласны бюджэт на будаўніцтва вакзалу выдаў 1 млрд руб., але каля 700 млн руб. тут жа забралі ў абласны рэзерв. Як вынік, за ўжо зробленую працу – асфальт вакол недабудаванага будынку – будаўнікам не заплацілі заробку, які складае каля 280 млн руб.

Тым часам мясцовыя жыхары звяртаюць увагу і на іншыя праблемы гораду, якія замінаюць развіццю турызму: адсутнасць сметніцаў на пляжах, няякасны асфальт на дарогах, а таксама дрэнныя нумары ў галоўным гарадскім гатэлі.

belsat.eu

Стужка навінаў