Генадзь Фядыніч: Сыход будзе пашырацца


Апошнія тыдні з нечуванаю рэгулярнасцю з’яўляюцца навіны, што працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў заяўляюць пра выхад з афіцыйных прафсаюзаў і намер стварыць незалежную ячэйку дзеля абароны працоўных правоў.

Нагадаем, у снежні пра выхад з дзейнай на прадпрыемстве прафсаюзнай арганізацыі абвесцілі больш за сотню працоўных мікашэвіцкага прадпрыемства “Граніт”. У Магілёве брыгада муляраў на знак пратэсту звальнення калегі, які ёсць актывістам незалежнага прафсаюзу РЭП, напісала заявы аб скасаванні працоўных кантрактаў і выйсці з праўладнага прафсаюзу. Будаўнікі адной з брыгадаў “Сельскага будаўнічага камбінату” ў Віцебску таксама заявілі пра намер стварыць “пярвічку” Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч лічыць гэты працэс заканамерным. “Гэта толькі першыя ластаўкі. Да вясны праблема яшчэ больш абвастрыцца, і ахвочых выйсці з афіцыйнага прафсаюзу стане значна больш”, – упэўнены прафсаюзны лідар.

На меркаванне Генадзя Фядыніча, людзям папросту надакучыла плаціць унёскі ды не атрымліваць наўзамен сапраўднай дапамогі ў абароне сваіх працоўных правоў. Дый пра якую абарону можа ісці гаворка, калі ў адным прафсаюзе – і наймальнікі, і шараговыя працаўнікі, зазначае Генадзь Фядыніч.

Лідар незалежнага прафсаюзу запэўніў, што яны гатовыя аказаць “бунтаўшчыкам” любую, у тым ліку і юрыдычную дапамогу, дзеля стварэння незалежных прафсаюзных ячэек. “Мы і раней актыўна дапамагалі гэтым людзям. Калі браць працу нашых юрыстаў, то не менш за 20 % яе прыпадае на адстойванне працоўных правоў тых, хто пакуль не ёсць чальцамі незалежных прафсаюзаў”, – распавёў Генадзь Фядыніч.

belsat.eu

Стужка навінаў