Валер Карбалевіч: Магчыма, гэта вынікі сакрэтных перамоваў ЗША і Беларусі...


Скандальны інтэрнэт-партал мае 1 тыс. паведамленняў амбасады ЗША ў Беларусі.

У свеце разгарэўся буйны міжнародны скандал, які можа закрануць і нашую краіну. Партал «Wikileaks» апублікаваў 250 тыс. дакументаў – пераважна сакрэтных дыпламатычных дэпешаў ЗША наконт карупцыі, войнаў, гандлю зброяй і нафтаю.

Звесткі дыскрэдытуюць лідараў шматлікіх краінаў. Напрыклад, караля Саудаўскай Аравіі. Ён сустракаўся з прэзідэнтам Ірану на саміце, што меўся перадухіліць бамбаванне гэтай краіны Злучанымі Штатамі, хоць напярэдадні заклікаў Вашынгтон пайсці на Тэгеран вайною.

Сярод іншага, партал абвяргае міратворчую місію ЗША ў Паўднёвай і Паўночнай Карэях: Вашынгтон і Сеул абмяркоўвалі аб’яднанне краінаў праз «магчымыя разбурэнні» ў Пхеньяне. Дасталася і прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву: кіраўнік Азербайджану Ільхам Аліеў назваў яго асобаю, якая не мае ўплыву на прыняцце важных рашэнняў.

Генеральны пракурор ЗША Эрык Голдэр заявіў, што «Wikileaks» стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны і шэрагу асобаў, якія займаюць кіроўныя пасады, а таксама падрывае стасункі іншых дзяржаваў. Супраць парталу пачалі крымінальную справу.

У апублікаваных дакументах згадваецца і Беларусь: у кантэксце Мытнага саюзу, якому Расея аддае перавагу ў параўнанні з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй, і як партнёр шэрагу афрыканскіх краінаў у ваеннай сферы.

Аднак стваральнік парталу «Wikileaks» Джульян Асанж плануе змясціць у інтэрнэце яшчэ 400 тыс. дакументаў. Сярод іх – больш за 1 тыс. паведамленняў, дасланых у дзярждэпартамент ЗША з амбасады ў Беларусі.

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што сярод іх могуць апынуцца звесткі пра, «магчыма, сакрэтныя перамовы з беларускім урадам і пра продаж зброі, і пра той канфлікт, які цяпер адбываецца, – пра санкцыі, якія ўводзіць ЗША супраць беларускага кіраўніцтва, патрабуючы дэмакратызацыі. Магчыма, сакрэтныя перамовы пра тое, каб вызваліць палітзняволеных у 2008 годзе».

belsat.eu

Стужка навінаў