У Наваградку будзе бюст Высоцкаму, а помніка Міндоўгу не будзе


Людзі неахвотна дасылаюць ахвяраванні на дабрачынны рахунак.

«Наш зямляк прапанаваў за свае грошы зрабіць і паставіць бюст Высоцкаму, – кажа старшыня Наваградскага гарвыканкаму Анатоль Маркевіч. – Мы не былі супраць, бо Высоцкі – значная фігура для шматлікіх гараджанаў. Тым больш, вядома, што пэўны час ён адпачываў у нашых мясцінах са сваёй жонкаю».

Разам з тым, ужо некалькі гадоў улады абяцаюць паставіць іншы помнік – заснавальніку Вялікага княства Літоўскага Міндоўгу, які для Наваградку (тагачаснай сталіцы ВКЛ) – фігура знакавая. Праект распрацоўваў скульптар Генадзь Буралкін. У 2009 г., калі ўлады абяцалі, што помнік з’явіцца ў цэнтры гораду, гэта каштавала б каля 400 млн руб. Сёння каштарыс вырас удвая.

У гарадскім бюджэце такіх сродкаў няма, кажуць у аддзеле культуры райвыканкаму. Больш за два гады на помнік збіраюць грошы, аднак людзі неахвотна дасылаюць ахвяраванні – сабралі не больш за 15 млн руб.

Чакаць дапамогі ад Міністэрства культуры таксама не выпадае. «У 2011–2015 гадах з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў будзе выдзелена 5 мільярдаў рублёў на навукова-даследчыя і праектныя працы ў Наваградку, на кансервацыю руінаў замку. Дадатковая крыніца фінансавання ў гэтым праекце – грошы, атрыманыя Міністэрствам культуры ад латарэі «Скарбніца», дзякуючы якой ужо сабралі каля 101 мільёна рублёў», – кажа начальнік упраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі.

Магчыма, сродкі адшукаюць сярод тых, якія сёлета выдзяляюць на абласныя «Дажынкі» ў Наваградку. А гэта 35 млрд руб. з абласнога і 20 млрд руб. з раённага бюджэтаў.

Пакуль жа грошы на помнік Міндоўгу можна пералічыць на разліковы рахунак аддзелу культуры Наваградскага райвыканкаму: вул. Міцкевіча, 9а, 231400, г. Наваградак, р/р 3632000001310 ААТ «ААБ Беларусбанк», код 698, УНП 500031377.

Дарэчы, сёлета ў Наваградку запланавалі таксама рэстаўрацыю парку ды сядзібы з магільным склепам – уладанне графа О’Рурка ў вёсцы Уселюб. Але для гэтага праекту мясцовыя ўлады шукаюць інвестара.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары