ЗША не бачаць магчымасці супрацы з Беларуссю з-за рэпрэсій


Злучаныя штаты Амерыкі занепакоеныя з таго, што «ў Беларусі няма ніякага прагрэсу ў бок дэмакратызацыі», заявіў падчас свайго візіту ў Літву 12 студзеня дарадца дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан Філіп Гордан.

«Мы сапраўды лічым, што ў Беларусі была магчымасць пачаць паважаць дэмакратыю і правы чалавека і рухацца ў бок лепшых адносінаў з намі. Аднак пасля расправы з апазіцыяй, пасля нядаўняга арышту праваабаронцы Беларусь страціла такую магчымасць. Таму мы бачылі, што ЗША зацвердзілі санкцыі ў адносінах да Беларусі, адбыліся аб’яднаныя дзеянні ЗША і ЕЗ, якімі мы паказалі, што такое не дапушчальна. Мы не бачым будучыні ў адносінах з Беларуссю», – цытуе Гордана інфармацыйны партал «Delfi».

На пытанне, чаму Гілары Клінтан падтрымала будаўніцтва беларускай АЭС на мяжы з Еўразвязам, яе дарадца адказаў: «Хачу ясна сказаць, што пазіцыя ЗША такая: калі Беларусь перадае добра ўзбагачаны ўран (а для нас гэта важна), то ЗША не выступіць супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, калі яна будзе адпавядаць міжнародным патрабаванням бяспекі».

«Аднак, – дадаў Гордан, – нават у гэтым выпадку ЗША не былі дзяржаваю, якая плаціла б за будаўніцтва або тэхнічнае забеспячэнне гэтай электрастанцыі. Проста мы не супраць права Беларусі на развіццё бяспечнай атамнай энергетыкі».

Пры гэтым дарадца дзяржсакратара ЗША адзначыў: важнае не месцазнаходжанне будучай беларускай АЭС, а тое, ці будзе яна адпавядаць патрабаванням бяспекі.

У жніўні 2011 года Міністэрства фінансаў ЗША ў звязку з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвяло санкцыі супраць чатырох беларускіх прадпрыемстваў (гэта «Нафтан», «Горадня Азот», «Горадня Хімвалакно» і «Белшына»), а ў жніўні Барак Оўбама падоўжыў тэрмін дзеяння федэральнага закону, які надзяляе прэзідэнта ЗША паўнамоцтвамі рэгуляваць гандлёвыя адносіны з краінамі, якія ўяўляюць пагрозу для Злучаных Штатаў. У гэты спіс уваходзіць і Беларусь.

У адказ на гэта Беларусь абвесціла пра замарожванне праектаў абмену высокаўзбагачаным ядравым палівам са Злучанымі Штатамі.

belsat.eu

Стужка навінаў