Лабковіч: Мы хочам выкарыстаць усе прававыя магчымасці


Ці станецца кампенсацыя стратаў, якія Бяляцкі нібыта нанёс дзяржаве, падставаю для змякчэння пакарання? Праваабаронца Уладзімір Лабковіч зазначае, што на практыцы беларускія суды часта змякчаюць пакаранні для эканамічных злачынцаў, калі такія страты кампенсуюцца. Але ў выпадку з Алесем Бяляцкім трэба браць пад увагу, што справа палітычная, кажа Лабковіч.

«Цяпер цяжка рабіць прагнозы. Але калі б гэтая справа была не палітычная, а датычная звычайнага эканамічнага злачынства, то ў выпадку ўнясення грошай гэта, безумоўна, паўплывала б на радыкальную змену выраку, – гаворыць Уладзімір Лабковіч. – Але мы маем палітычную справу і не можам гарантаваць таго, што гэта сапраўды будзе мець плён».

Касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага Менскі гарадскі суд разгледзіць 24 студзеня. «Мы ідзем на гэтую кампанію з мэтаю выкарыстаць усе прававыя магчымасці дзеля таго, каб прымусіць улады максімальна змякчыць вырак і, можа, нават перагледзіць яго», – распавёў Лабковіч.

Праваабаронца падкрэслівае, што акцыя збору сродкаў для дапамогі Бяляцкаму паказала высокі ўзровень салідарнасці сярод беларусаў. Грошы на дапамогу палітвязню маглі пералічваць толькі грамадзяне краіны, пры гэтым трэба было ўказваць сваё імя і адрас. «Больш за 500 чалавек узялі ўдзел у кампаніі, людзе пералічвалі розныя сумы грошай, зыходзячы са сваіх матэрыяльных магчымасцяў. Мы вельмі ўдзячныя за дапамогу», – дадаў Лабковіч.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 24 лістапада прыгаварылі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу. Праваахоўныя органы і суд палічылі прыбыткам Алеся Бяляцкага грошы, якія збіраліся на замежных рахунках праваабаронцы для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Цяпер Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна. Згодна з прысудам, ён мае выплаціць дзяржаве 757 526 717 руб. (каля 90 тыс. долараў) для кампенсацыі стратаў, нанесеных нібыта нявыплатаю падаткаў.

belsat.eu

Стужка навінаў