Мікалай Аўтуховіч змешчаны ў санчастку


На 17 студзеня ў калоніі, дзе палітзняволены адбывае пакаранне, прызначаны суд дзеля змены яму рэжыму адбывання пакарання.

“Фактычна гэта будзе такі самы працэс, што сёння адбыўся над Міколам Статкевічам. І пройдзе ён паводле той жа схемы – у калоніі, без лішніх сведак, толькі ў прысутнасці адваката”, – паведаміў “Белсату” былы абаронца Мікалая Аўтуховіча Павел Сапелка. Паводле экс-адваката, палітвязня запісалі ў злосныя парушальнікі рэжыму і яму пагражае перавод з калоніі ў турму на вызначаны судом тэрмін.

Павел Сапелка таксама паведаміў, што ён мае звесткі пра тое, што цяпер Мікалай Аўтуховіч утрымліваецца ў санчастцы калоніі. Аднак пра прычыны гэтага праваабаронцу нічога не вядома.

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны ў траўні 2010 г. на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы. Мікалай Аўтуховіч лічыць сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца падпісаць паперы аб супрацы з адміністрацыяй – пра тое, што ён абавязваецца стаць на шлях выпраўлення. Некалькі разоў вязень галадаў на знак пратэсту супраць прысуду.

Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 5. Як адзначаюць праваабаронцы, увесь час утрымання ў спецустанове адміністрацыя цісне на вязня. Больш за дзесяць разоў Мікалай Аўтуховіч прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці. 13 снежня, нагадвае Павел Сапелка, вязня змясцілі на месяц у памяшканне камернага тыпу.

Таксама з’яўлялася інфармацыя, што, не вытрымаўшы ціску адміністрацыі, Мікалай Аўтуховіч здзейсніў спробу суіцыду. Сустаршыні аргкамітэту руху ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі звярнуліся да генеральнага пракурора Алеся Канюка з патрабаваннем правесці праверку паводле фактаў ціску на Мікалая Аўтуховіча. Аднак, як паведаміў “Белсату” праваабаронца Алег Волчак, уцямнага адказу яны так і не атрымалі: “Адзінае, што нам паведамілі: праводзіць праверку будзе Берасцейская пракуратура”. Як прызнаўся праваабаронца, надзеі на тое, што ў справе Аўтуховіча будуць зрухі да лепшага, яны амаль не маюць.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Мікалая Аўтуховіча вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў