Суд не задаволіў скаргу Уладзіміра Марозава


https://youtu.be/EuZ-SBpcO0U
https://youtu.be/YlfIa-4ng3w
Суддзя Першамайскага суда сталіцы Алена Ананіч адмовілася распачынаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, што ледзь не задушылі хворага на цукровы дыябет пенсіянера Уладзіміра Марозава падчас леташніх маўклівых пратэстаў 6 ліпеня.

Спрабуючы затрымаць інваліда, “ціхары” заламалі яму рукі, а адзін з іх націснуў каленам на шыю хворага на цукроўку пенсіянера, у выніку чаго той страціў прытомнасць. Міліцыянты, нягледзячы на просьбы мінакоў, не выклікалі “хуткай дапамогі”. Як будзе заяўлена пазней, гэтак яны спрабавалі выратаваць інваліда.

Спадар Марозаў ад ліпеня дамагаўся разгляду справы. Пакуль сталічная пракуратура здолела высветліць толькі тое, што такім арыгінальным чынам ратаваць пенсіянера спрабаваў афіцэр Першамайскага РУУС Павел Садоў. Уладзімір Марозаў звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя, каб патлумачылі, ад якіх хваробаў можна ратаваць чалавека, душачы яго каленам. У адказ дактары пачалі афармляць дакументы на псіхіятрычную экспертызу Марозава.

“Улады дазволілі рабіць міліцыі з людзьмі ўсё што заўгодна. Душыць, выкручваць рукі, біць дубінкамі – і міліцыянтам за гэта нічога не будзе. Я так падумаў: вельмі добра, што я выжыў. Бо калі б памёр, яны б усё спісалі на тое, што не паспелі аказаць неабходнай дапамогі. А так я буду іх пераследаваць, пакуль мне дазволіць здароўе”, – заявіў пацярпелы.

Уладзімір Марозаў вырашыў звяртацца ва ўсе вышэйшыя інстанцыі, каб давесці віну нападнікаў. Як ні дзіўна, суд паведаміў імёны праваахоўнікаў, якія, паводле іхных словаў, спрабавалі выратаваць пенсіянера. Адным з іх аказаўся намеснік кіраўніка міліцыі Першамайскага раёну Віталь Шафікаў. А каленам пенсіянера душыў участковы Павел Садоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары