Эксперт: Можна развітацца з беларускімі замкамі


Гэтак старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч каментуе дзяржаўную праграму аховы гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

Напярэдадні Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі” на 2012–2018 гг. Ініцыятар і каардынатар праекту – Міністэрства культуры.

“Гэта комплексны дакумент, у якім адлюстраваныя канкрэтныя крокі дзеля захавання і аднаўлення помнікаў культуры і архітэктуры. Распрацаваны план, які будзе даведзены аблвыканкамам і райвыканкамам, – таго, што яны мусяць зрабіць дзеля захавання спадчыны. Пакуль рана казаць пра кошт праекту – ён стартуе з наступнага года. Аднак на кожны аб’ект замацуюць пэўныя сумы, якія выдадуць рэспубліканскі ды мясцовыя бюджэты. Таксама спадзяемся на інтарэс і падтрыманне інвестараў”, – кажа начальнік кіраўніцтва аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства Ігар Чарняўскі.

Такім чынам, дакумент прадугледжвае правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых працаў, прыстасаванне і экспанаванне 38 замкаў Беларусі ў чатырох кірунках. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне запланаваныя на наступных помніках архітэктуры: Стары замак у Горадні, Лідскі ды Любчанскі замкі, завяршэнне працаў на Камянецкай вежы, упарадкаванне паркаў, прылеглых да замкавага комплексу ў Міры, да палацава-паркавага ансамблю ў Нясвіжы.

Таксама плануецца правядзенне кансервацыі з частковаю рэстаўрацыяй на сямі аб’ектах гістарычна-культурнай спадчыны, якія захаваліся не цалкам: у Наваградскім, Крэўскім, Гальшанскім замках, а таксама рэшткаў замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёну, Смалянах Аршанскага раёну, Быхаве, пасёлку Тэльман Брагінскага раёну.

Апроч таго, прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі 19 помнікаў археалогіі, на якіх размяшчаліся замкі, у в. Жабер Драгічынскага раёну, у в. Крыўляны Жабінкаўскага раёну, а таксама Браслаўскі ды Заслаўскі замкі ды інш. Чыноўнікі запланавалі правесці працы дзеля музеефікацыі на пяці помніках археалогіі – гарадзішчы ў Тураве і Мілаградзе Рэчыцкага раёну, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёну і ў Менску.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч называе планы чыноўнікаў “разбуральнымі”, бо яны не падмацаваныя навуковымі даследаваннямі ды абгрунтаваннямі. “І я, і мае калегі прытрымліваемся той думкі, што хай бы гэтых аб’ектаў наагул не чапалі, тады застаецца перспектыва іх правільнага аднаўлення. Бо пасля таго, што зрабілі, да прыкладу, у Міры, такая перспектыва ўжо згубленая”.

Сярод сур’ёзных праблемаў, што замінаюць якаснай рэстаўрацыі, эксперт адзначае прававы нігілізм на ўсіх узроўнях улады, а таксама нізкі ўзровень адукацыі адмыслоўцаў, якім давяраюць аднаўленне аб’ектаў. “Гэтая праграма прывядзе да таго, што мы згубім свае замкі! Бо пакуль рэстаўрацыя помнікаў адбываецца на ўзроўні муляжоў і фальсіфікацыяў, даверу да такой працы няма”, – падсумоўвае спадар Астаповіч. Пры гэтым кансервацыю гістарычных помнікаў эксперт называе “станоўчым крокам”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары