Вышэйшая адукацыя падаражэе


Пра гэта паведаміў начальнік кіраўніцтва вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Міксюк.

На пачатку студзеня стала вядома пра трохразовае павелічэнне аплаты за студэнцкія інтэрнаты. Гэта было звязана з павышэннем тарыфнай стаўкі першага разраду на 32,5 %. Як паведаміў спадар Міксюк – гэта не апошняя прыкрая навіна для студэнтаў і іхных бацькоў. З гэтай жа прычыны ў найбліжэйшы час чакаецца рост платы за адукацыю.

Паводле чыноўніка, раней павелічэнне кошту навучання ва ўніверсітэтах “было нязначнае”, ВНУ максімальна імкнуліся знізіць сабекошт сваіх паслугаў. “Далей ісці такім шляхам універсітэты не могуць – таму, я думаю, будзе адэкватнае ўзважанае павышэнне”, – заявіў прадстаўнік Міністэрства адукацыі.

У 2011 г. кошты на адукацыю падымаліся тройчы. “Нязначныя” павелічэнні былі ў разгар зімовай сесіі 2011 г., калі ў БДУ вырасла аплата на 26 %, а ў іншых ВНУ – на 20 %, у жніўні – на 20–25% і прыкладна на столькі ж – летась у лістападзе.

Міксюк пакуль не гатовы сказаць, на колькі дакладна вырасце кошт навучання і з якога месяца будзе праведзены пераразлік. “Сёння мне цяжка сказаць – гэтым займаюцца эканамічныя службы, яны працуюць з універсітэтамі, правяраюць разлікі”, – паведаміў ён.

Разам з гэтым, чыноўнік упэўнены, што павышэнне кошту навучання “не значна паўплывае на магчымасці студэнцтва атрымліваць адукацыю”.

belsat.eu

Стужка навінаў