Ірына Халіп: Ідзе поўная ізаляцыя «палітычных»


Да Андрэя Саннікава зноўку не дапусцілі адваката. Палітвязень цалкам ізаляваны ад свету ўжо больш як два месяцы.

“Адвакату адмовілі ў сустрэчы з той жа нагоды – маўляў, ідзе нейкая праверка з нагоды скаргі Андрэя на тое, што ягонаму жыццю пагражае небяспека. Адзінае, што ўдалося даведацца ад начальніка калоніі Агнісцікава, – што Андрэй па-ранейшаму застаецца ў адзіночнай камеры”, – распавяла “Белсату” жонка палітзняволенага Ірына Халіп.

Спадарыня Халіп таксама паведаміла, што ўчора адвакаты атрымалі адказ з Дэпартаменту выканання пакаранняў на скаргу аб парушэнні права іхнага падабароннага атрымліваць юрыдычную дапамогу. “Там напісана, што нібыта Андрэй Саннікаў не падаў пераканаўчых довадаў таго, што яму патрэбны адвакат. То бок, атрымліваецца, што ў нас зняволены мусіць яшчэ і даказаць сваё права на сустрэчу з абаронцам”, – абураецца Ірына Халіп.

Днямі жонка зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта пасля працяглага перапынку нарэшце атрымала ліст з Віцебскай калоніі ад Андрэя Саннікава. У ім толькі “інструкцыя”, як даглядаць і паліваць хатнія кветкі, і ні слова пра жыццё самога вязня. Ірына Халіп мяркуе, што гэта было галоўнаю ўмоваю ейнаму мужу, каб ліст “выйшаў на волю”.

На меркаванне Ірыны Халіп, жорсткі прысуд Мікалаю Статкевічу, поўная ізаляцыя ейнага мужа ды іншых палітвязняў сведчаць пра тое, што ўлады зразумелі сваю памылку. “Накіраваць палітычных у звычайную зону – гэта ўсё роўна, што паставіць у калоніі камп’ютары з доступам да апазіцыйных сайтаў ці адкрыць за кратамі офісы “Вясны” ды Беларускага Хельсінкскага камітэту. Шмат хто са звычайных зэкаў не ведае сваіх палітычных і юрыдычных правоў. Адміністрацыі спецустановаў здзекуецца з іх. Цяпер дзякуючы “палітычным” гэтая інфармацыя пачала выходзіць на волю. Вунь, Мікалай Аўтуховіч дапамагаў пісаць скаргі на прававую сваволю. Аўтарытэт палітвязняў у калоніях расце. Цяпер улады выпраўляюць сваю памылку – актыўна ізалююць палітвязняў не толькі ад вонкавага свету, але і ад астатніх зняволеных”, – гаворыць Ірына Халіп.

Сёння за кратамі застаюцца трое асуджаных у справе 19 снежня – экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў, а таксама лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка. Днямі цяжкахвораму Змітру Бандарэнку зноў адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Мікалай Статкевіч да сваіх 6 гадоў пазбаўлення волі 12 снежня атрымаў яшчэ адзін прысуд – 3 гады турмы “за злоснае парушэнне рэжыму”.

Андрэй Саннікаў за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. За год палітвязень змяніў ужо тры папраўчыя ўстановы і цяпер утрымліваецца ў калоніі “Віцьба-3” у адзіночнай камеры.

belsat.eu

Стужка навінаў