Паркоўкі ў Магілёве створаць за кошт мясцовых прадпрыемстваў


Такую задачу паставіў старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка.

Новыя парковачныя месцы мусяць цягам года з’явіцца побач з найбуйнейшымі прадпрыемствамі гораду. Гаворка ідзе пра «Ліфтмаш», «Строммашына» і «Трансмаш». «Супрацоўнікі пакідаюць свае аўтамабілі ля заводу, загароджваюць гэтым усю праезджую частку, праз гэта аўтобусам праблематычна праехаць побач з прадпрыемствамі», – гаворыць чыноўнік.

Чыноўнікі прызнаюць, што парковачных месцаў у горадзе не дастаткова – асабліва гэта датычыць цэнтру, тэрыторыяў каля рынкаў, офісных цэнтраў, буйных заводаў і фабрыкаў, шматкватэрных дамоў.

«Пакінуць машыну на час каля працы, дому або забаўляльнай установы робіцца ўсё больш праблематычна незалежна ад часу дня, да таго ж вялікая колькасць аўтамабіляў, прыпаркаваных на праезджай частцы, ускладняе рух транспарту. Стварэнне новых парковачных месцаў дазволіць хаця б часткова развязаць гэтую праблему», – мяркуе намеснік старшыні гарвыканкаму ў пытаннях будаўніцтва Аляксандр Студнеў.

Ён падкрэсліў, што гарвыканкам гатовы выдзеліць участкі зямлі пад паркоўкі. Але фінансаваць іх абсталяванне прадпрыемствы мусяць з уласных сродкаў, у бюджэце гораду грошай на гэта не запланавана. Цяпер ідзе ўзгадненне праекту, таму дакладнага кошту стаянак у гарвыканкаме пакуль не называюць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары