Еўразвяз стварае ўласны стэлс-знішчальнік. З лазернай зброяй


Еўрапейскі аэракасмічны гігант «Airbus» паказаў распрацоўкі «Новага знішчальніка» (New Fighter) – магчыма, будучага асноўнага знішчальніка 5-га пакалення Францыі і Нямеччыны, паведамляе «Twitter» абароннага аддзялення кампаніі.

Такім чынам лідары Еўразвязу могуць аб’яднацца дзеля стварэння найноўшай лятучай баявой машыны, якая можа кінуць выклік знішчальнікам пятага пакалення ЗША і Расеі, і прычынай такога рашэння – Вашынгтон і Масква.

Канцэптуальны малюнак «Будучай баявой авіяцыйнай сістэмы» ад «Airbus»

Новы самалёт будзе мець стэлс-характарыстыкі, хутка абменьвацца дадзенымі з іншай тэхнікай, будзе здольны выкарыстоўваць не толькі бомбы і ракеты, але і лазерную зброю, супрацоўнічаць з тэхнікай, якая мае штучны інтэлект.

Больш, чым адзін самалёт

«Новы знішчальнік» будзе толькі адным з элементаў перспектыўнай авіяцыйнай сістэмы (Future Combat Air System), якая на полі бою будзе ствараць адзіную сеткавую структуру з вялікімі сінергетычнымі магчымасцямі.

«Нямеччына і Францыя прынялі рашэнне распрацаваць новы баявы самалёт, каб захаваць уласныя дзяржаўныя і агульнаеўрапейскія абаронныя магчымасці. Мы бачым «Будучую баявую паветраную сістэму» ў якасці сямейства сістэмаў, складзеных з пілатаваных і беспілотных платформаў, якія павінны дзейнічаць у калектыўнай супрацы», – заявіў дырэктар па стратэгіі «Airbus Defence and Space» Антуан Ногʼе.

Прэзентацыйны ролік «Будучай баявой паветранай сістэмы»

Такім чынам больш сучасныя машыны будуць кампенсаваць слабасці і ўзмацняць моцныя старой тэхнікі. Гэта добра паказвае відэаролік, выкладзены фірмай у сусветным сеціве – у зону дзеяння супрацьпаветраных комплексаў ворага ўваходзяць толькі стэлс-знішчальнікі, якія перадаюць выведчую інфармацыю на цяжкія машыны, якія трымаюцца ўводдалі.

У сваю чаргу цяжкія самалёты-носьбіты выпускаюць малазаўважныя ракеты для лепшай ідэнтыфікацыі і знішчэння супрацьпаветраных сілаў ворага на зямлі.

Патрабавальны хаўруснік і непрадказальны сусед

Цяпер толькі ЗША маюць на ўзбраенні і выкарыстоўвалі ў рэальных баях самалёты пятага пакалення баявой авіяцыі – знішчальнікі F-22 i F-35. Гэта рэактыўныя баявыя машыны, якія могуць весці бой у любое надворʼе, маюць стэлс-характарыстыкі, то бок мала заўважальныя для радараў, выкарыстоўваюць апошнія дасягненні ў авіёніцы і маюць інтэграваныя кампʼютарныя сістэмы кіравання для максімальна эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншымі сіламі ў паветры, космасе, на зямлі і на вадзе.

Распрацоўваюць ці дапрацоўваюць падобныя машыны і іншыя краіны – найперш Расея і Кітай, але рэальныя баявыя характарыстыкі іхных самалётаў невядомыя.

Што да Еўразвязу, то фактараў, якія прымушаюць Парыж і Берлін задумацца пра ўласную машыну, як мінімум некалькі.

Амерыканскія бронетранспарцёры «Stryker» у Польшчы – адказ на агрэсію Масквы супраць Украіны.
Фота: U.S. Army/Sgt. Paige Behringer.

Перш за ўсё, гэта дзеянні Масквы, якая распаліла ў 2014 годзе вайсковы канфлікт у Еўропе, і можа пагражаць вайсковай сілай Старому Свету. Масква ўжо мае знішчальнік, які яна называе машынай пятага пакалення – ПАК ФА (Перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі). Такім чынам праз 5-10 гадоў еўрапейскія лётчыкі могуць апынуцца ў сітуацыі, калі яны не будуць бачыць праціўніка, які будзе не толькі іх бачыць, але і знішчаць.

Па-другое, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што еўрапейцы павінны самі больш выдаткоўваць на свае арміі, выконваючы свае абавязкі перад NATO – аддаваць 2 % валавога ўнутранага прадукту на абарону. У адваротным выпадку, мяркуе Трамп, навошта ЗША змагацца за Еўропу, калі самі еўрапейцы змагацца за сябе не збіраюцца?

Лепш позна, чым ніколі?

Еўрапейская «Будучая баявая паветраная сістэма» і новы знішчальнік пакуль знаходзіцца толькі на самым раннім этапе свайго існавання. Распрацоўка папярэдняга агульнаеўрапейскага ўніверсалу – «Eurofighter Typhoon» – заняла каля 30 гадоў ад канцэпцыі да баявой гатовасці.

Такім чынам Еўропе з адносна старымі самалётамі прыйдзецца перачакаць 20-30 год побач з непрадказальным усходнім суседам, спадзеючыся на абарону з боку амерыканскага паветранага «парасону».

Ангела Мэркель і Доналд Трамп.
Фота: Jonathan Ernst

Берлін і Парыж апошнія год 20 трымалі сваіх вайскоўцаў на галодным пайку. Такім чынам або вялікія дзяржаўныя грошы пойдуць на еўрапейскі ваенна-прамысловамы комплекс і стварэнне новых уласных тэхналогіяў і працоўных месцаў, або будуць аддадзеныя за акіян.

Перафразуючы вядомую прымаўку пра армію, хто не корміць уласных інжынераў і працоўных, той потым корміць чужых. Гэтую максіму варта было б згадаць і многім людзям у Беларусі. Калі яны хочуць захаваць бяспеку і незалежнасць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў