Справамі культуры зоймецца адмыслова створаны Савет


Стварэнне Рэспубліканскага савету ў справах культуры і мастацтва ініцыявала Міністэрства культуры. У яго склад, паміж іншых, увайшлі некалькі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў.

У міністэрстве лічаць, што высокі статус савету дасць магчымасць абмяркоўваць і выносіць на разгляд ураду прапановы што да асноўных пытанняў развіцця культуры і мастацтва, вызначэння асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі, падтрымання канкрэтных грамадска важных культурніцкіх праектаў.

У склад савету ўвайшлі Расціслаў Янкоўскі, Валянцін Елізар’еў, Генадзь Аўсяннікаў, Міхаіл Фімберг, Анатоль Ярмольнік. Але што адметна, – таксама дзеячы, чыё меркаванне яшчэ нядаўна не толькі не ўлічвалася, але і лічылася крамольным. Гэта і Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, і папулярны артыст Алег Хаменка, і грамадскія дзеячы Адам Мальдзіс і Вольга Гайко.

Першае паседжанне савету будзе прысвечанае захаванню гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. “Хочацца спадзявацца, што тыя незалежныя культурніцкія дзеячы, хто трапіў у савет, змогуць данесці рэальныя праблемы гісторыка-культурніцкай спадчыны Беларусі, а прызнаныя дзяржаваю дзеячы мастацтва, якіх у савеце большасць, пачуюць гэтыя праблемы, і ўсе разам пачнуць вырашаць іх, – кажа старшыня МГА “Гісторыка” Зміцер Рагачоў. – Нас хвалюе лёс соцень аб’ектаў. Нам цікава: што будзе з Каложаю? Калі спыніцца вандалізм з новабудоўлямі ў Траецкім прадмесці Менску? Чаму ў большасці касцёлаў рэканструкцыя ідзе за грошы палякаў, а ўрад Беларусі не вылучае сродкаў? Гэтыя пытанні Мінкульту мы задавалі не раз, атрымлівалі адпіскі. Можа, цяпер, калі да абмеркавання праблемаў далучацца людзі, што не займаюць чыноўніцкіх крэслаў, праблемы пачнуць вырашацца”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары