Статкевічу прысудзілі тры гады турмы


Экс-кандыдата на прэзідэнта пераводзяць з калоніі ў крытую турму, дзе ўмовы ўтрымання больш жорсткія. Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся 12 студзеня ў Шклоўскай калоніі № 17, дзе адбывае пакаранне палітык. Судзіў Статкевіча суддзя Віталь Волкаў.

Мікалая Статкевіча суд прызнаў злосным парушальнікам рэжыму. Рашэнне не падлягае абскарджанню.

Раней Статкевіча накіроўвалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) за «памылку» ў вопісе рэчаў: дзве насоўкі ён пазначыў як сродкі гігіены. Ужо ў ШІЗА яму вынеслі тры папярэджанні за тое, што ў яго не было біркі. Пасля таго як Статкевіч выйшаў з ШІЗА, яго накіравалі ў памяшканне камернага тыпу нібыта за справакаваную бойку. Праз дзень адбылося паседжанне камісіі, якая прыняла рашэнне пра неабходнасць судовага разбірання, каб вызначыць ягоны далейшы лёс.

Як паведаміла жонка экс-кандыдата Марына Адамовіч, адвакат Статкевіча, які прысутнічаў на пасяджэнні суда, сказаў, што бліжэйшым часам палітыка адправяць у турму на тры гады. Паводле адваката, Мікалай Статкевіч пачуваецца нармальнае, на судзе ён быў спакойны. Марына Адамовіч мяркуе, што рашэнне суда было вядомае загадзя. «Нічога нечаканага не адбылося», – адзначыла яна.

Прычынаю ўзмацнення жорсткасці пакарання Статкевічу сталася афіцыйнае рашэнне адміністрацыі шклоўскай калоніі, што асуджаны палітык «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна датэрміновага вызвалення не імкнецца» і па адбыцці пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця».

Экс-кандыдата на прэзідэнта Міколу Статкевіча асудзілі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. – суд прыняў рашэнне пакараць яго шасцю гадамі зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў