Прыватызацыя, якой не адбылося


https://youtu.be/C7LPBt7pCe8
У 2011 г. дзяржава планавала знайсці новых уласнікаў для больш як 100 беларускіх прадпрыемстваў. Аднак прыватызацыйныя планы фактычна праваліліся. Паводле незалежных эканамістаў, прычына гэтага – нежаданне прыватызаваць прыбытковыя прадпрыемствы і сабатаж прыватызацыйных конкурсаў з боку чыноўнікаў.

«Калі ў другой палове мінулага года праводзіліся конкурсы на продаж нават не вельмі вялікіх прадпрыемстваў, калі трапляліся больш-менш эфектыўныя прадпрыемствы, то бюракратыя (не толькі рэспубліканскага ўзроўню, але і мясцовага) усяляк тармазіла гэтую прыватызацыі, – гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў. – Мясцовая бюракратыя спрабуе супрацьстаяць прыватызацыі тых прадпрыемстваў, якія можа потым і сама прыкупіць».

Эканаміст зазначае, што ўлады Беларусі планавалі летась прадаць каля 150 прадпрыемстваў, але, напрыклад, у другой палове года прадалі каля 30 прадпрыемстваў – невялікіх і за невялікія грошы. «Сярэдні кошт быў 2–3 мільёны долараў, а тое і менш. Самае буйное прадпрыемства, якое прадалі, – гэта Бабруйскі машынабудаўнічы завод за 18 мільёнаў долараў», – канстатуе Леанід Злотнікаў. Эканаміст падкрэслівае, што на продаж выстаўляюцца пераважна неэфектыўныя прадпрыемствы, набываць якія новы інвестар не зацікаўлены.
Эксперт дадаў, што лічыць самым эфектыўным спосабам прыватызацыі прыватызацыю праз банкруцтва. «Такое прадпрыемства ачышчанае ад усіх пазыкаў. Новы ўласнік прыходзіць на новую пляцоўку. Ён можа распачынаць новую вытворчасць, прымаць на працу і звальняць, ён мала звязаны іншымі ўмовамі, – гаворыць Леанід Злотнікаў. – Гэта не значыць, што трэба разганяць рабочых. Проста ўсе станкі і абсталяванне трапляе ў рукі новага гаспадара, які мае грошы, каб абнавіць тэхналогіі, які мае ноў-хаў».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары