Амаль чвэрць сямейных параў у Беларусі не мае дзяцей


Галоўнаю прычынаю адмовы ад нараджэння дзяцей беларусы называюць «нізкі ўзровень сямейнага даходу і яго зніжэнне, калі народзіцца дзіця». Беларусы ўсё часцей арыентуюцца на адно дзіця ў сям’і ды адмаўляюцца ад «пячаткі ў пашпарце».

У Беларусі 2,691 млн сем’яў, 1,58 млн з іх маюць непаўналетніх дзяцей. Пра гэта паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка.

Сям’я значна змянілася, асабліва за апошнія 10 гадоў, кажа прадстаўніца Міністэрства працы. Акрамя такіх тэндэнцыяў, як арыентацыя на сям’ю з адным дзіцём, адкладанне нараджэння дзяцей і заключэння шлюбу, адзначаецца рост колькасці пазашлюбных саюзаў. Калі паводле звестак перапісу 1999 г. такіх саюзаў было 5–6 %, то паводле апошніх звестак – ужо 8 %. Адзначаецца таксама рост колькасці дзяцей, якія нараджаюцца ў незарэгістраваных шлюбах: сёння яны складаюць ужо амаль 20 % усіх дзяцей.

Удзельная вага сямейных параў, якія не маюць дзяцей, у агульным ліку сем’яў складае 23,8 %. Паводле чыноўніцы, калі гаварыць пра сямейныя пары без дзяцей, не трэба мець на ўвазе, «што гэта сем’і, у якіх дзяцей ужо не будзе ніколі, хутчэй гэта патэнцыйныя бацькі».

Як лічыць вядучы кансультант Менскага гарадскога цэнтру сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей Анатоль Аладзін, сучаснае грамадства – больш цярпімае да розных формаў сям’і. Рост колькасці незарэгістраваных шлюбаў ён назваў негатыўнаю тэндэнцыяй, якая сведчыць пра крызіс інстытуту шлюбу. Паводле Аладзіна, рост колькасці незарэгістраваных шлюбаў вядзе да росту колькасці сацыяльных сіротаў.

belsat.eu

Стужка навінаў