Мікалай Чаргінец правёў прэс-канферэнцыю


На ёй старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ) распавёў пра ўзаемаадносіны з альтэрнатыўным Саюзам беларускіх пісьменнікаў, паскардзіўся на тое, што зараз ніхто, у тым ліку і ён, не атрымлівае званне народнага паэта і сказаў, хто вінаваты ў тым, што ў Менску дагэтуль няма вуліцы імя Васіля Быкава.

На пытанне аб тым, ці магчыма супрацоўніцтва двух саюзаў пісьменнікаў, Чаргінец адказаў мудрагеліста: “У сваім статуце мы запісалі: для таго каб стаць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, неабходна мець мастацкія, добра ацэненыя кнігі, тры рэкамендацыі дзейных членаў СПБ, стаж членства якіх не меншы як пяць гадоў, рашэнне гарадской або абласной арганізацыі, якія рэкамендуюць прыняць, рашэнне прыёмнай камісіі, адпаведнай секцыі і прэзідыума саюза. А на членаў СБП усё гэта не распаўсюджваецеца, каб захаваць іх стаж: яны да нас звяртаюцца проста з заявай аб прыёме. Мы прынялі рашэнне аб тым, што пісьменнік можа знаходзіцца ў Беларусі толькі ў адной пісьменніцкай арганізацыі — або ў нас, або ў іх”.

Паводле словаў Чаргінца, пасля з’езда СБП, які адбыўся ў снежні мінулага года, у СПБ паступіла шмат заяў ад членаў альтэрнатыўнага аб’яднання. “Людзі бачаць: мы хочам, каб наша літаратура развівалася, каб пісьменнікі мелі рэальную магчымасць выдаць сваю кнігу, а таксама падтрымку, перш за ўсё маральную, ад таварышаў па цэху”, — заключыў кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адказваючы на пытанне, чаму пісьменнікам і паэтам Беларусі ўжо даўно не прысвойваліся званні народных, ён сказаў: “Калі Ніл Сымонавіч Гілевіч быў старшынёй камісіі Вярхоўнага Савета БССР, якая ў тым ліку вяла і пытанні літаратуры, ён змог вырашыць праблему прысваення звання народнага сябе і Рыгору Іванавічу Барадуліну. І, прыйшоўшы ў саюз, сказаў тады: “Ўсё, кропка — болей у Беларусі народных пісьменнікаў не будзе”.

Мы, канешне, за тое, каб гэтае званне было. Нам вельмі горка, калі прысвойваюць званні народных мастакам, артыстам, а пісьменнікаў нібыта і няма народных”.

Напрыканцы канферэнцыі Чаргінец распавёў, што ягоны саюз пісьменнікаў штогод уносіць прапановы па прапагандзе беларусай мовы. Але некаторыя пісьменнікі перашкаджаюць добрай справе СПБ.

“Калі б не ўмешваўся Някляеў са сваімі палітычнымі лозунгамі ў дачыненні да Быкава, мы б, напэўна, мелі б у Мінску вуліцу Быкава, — адзначыў ён. — Мы значна раней яго ўносілі прапановы і па Васілю Уладзіміравічу Быкаву, і па вуліцы, і па нашай прапанове былі створаны пры падтрымцы Адміністрацыі прэзідэнта ў мінскім і гродзенскім музеях аддзяленні Быкава, мы ўносім шэраг прапаноў”.

belsat.eu

Стужка навінаў