Валерый Дранчук у "Гарачым каментары"


Зялёных пунктаў на мапе Менску застаецца ўсё меней. Прычынаю таму – камерцыйная забудова гораду. У зялёнай паласе праектуюць гандлёвыя цэнтры, паркінгі, гатэльныя комплексы. Чарговы з іх – гатэль “Пекін”, пляцоўку пад які вызначылі пасярод парку імя 40-годдзя Кастрычніка, што не дазволіць захаваць парк нават часткова. Пратэстуюць мясцовыя жыхары, грамадскія аб’яднанні, а цяпер і Міністэрства прыродных рэсурсаў.

Згодна з планам, дапушчальная забудова парку імя 40-годдзя Кастрычніка, – 40 адсоткаў, паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У складзе гэтага плану схема новай забудовы не распрацоўвалася. Яе архітэктурны праект дзяржаўнай экалагічнай экспертызы не праходзіў. Просьбу максімальна захаваць тэрыторыю парку Міністэрства прыроды накіравала ў Менгарвыканкам. А на месцы будаўніцтва ўжо не ўпершыню пратэстуюць жыхары прылеглых вуліцаў.

Паводле эколага, мясцовыя жыхары даведаліся пра будаўніцтва гатэльнага комплексу толькі тады, калі пачалі секчы дрэвы.

“На вялікі жаль, у нас гэтыя працэдуры выкупу тэрыторыі адбываюцца вельмі таемна, і толькі калі пачаліся там канкрэтныя працы, грамадскасць запратэставала. Пачнем з таго, што гэта парк са сваёй гісторыяй, афіцыйна гэта парк, які існуе ўжо не адзін дзясятак гадоў. І таму, калі ён трапіў у рукі кітайскіх інвестараў, гэта адразу насцярожвае грамадскасць, і паўстае пытанне, ці былі слуханні наконт таго, што будзе адбывацца ў гэтым парку. Калі ж стала ясна, што там будзе гатэльны комплекс “Пекін”, усе зразумелі, што гэта пацягне за сабою знікненне парка з мапы сталіцы”, – падкрэслівае спадар Дранчук.

Паводле эколага, у гэткай сітуацыі няма залатой сярэдзіны. Альбо застаецца парк, альбо на ягоным месцы ўзнікне гатэльны комплекс.

belsat.eu

Стужка навінаў