Пустыя будынкі трэба альбо прадаць, альбо пачаць выкарыстоўваць


Такую задачу перад чыноўнікамі паставіў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак паводле маніторынгу Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК), улады не спяшаюцца з продажам, а новыя гаспадары – з укладаннем інвестыцыяў у выкупленыя аб’екты.

У канцы 2011 года на тэрыторыі Менскай вобласці знаходзіўся 521 нявыкарыстаны аб’ект. Аднак калі невыкананне плану стала відавочнае, мясцовыя органы ўлады папросту карэктавалі задачы. У выніку на 1 снежня 2011 года ў гаспадарчы абарот планавалася далучыць ужо 498 аб’ектаў, або на 23 менш, чым месяц таму.

“Пры гэтым мясцовыя ўлады аддаюць перавагу зносу і кансервацыі будынкаў, – кажуць у прэсавай службе Дзяржкантролю. – Праверка паказала, што, напрыклад, у Пухавіцкім раёне ў камунальную ўласнасць пяць гадоў таму бязвыплатна перадалі 213 аб’ектаў былога вайсковага мястэчка ў Мар’інай Горцы. За гэты час уцягнулі ў гаспадарчы абарот толькі 145 аб’ектаў, з іх знесеныя 90, перададзеныя бязвыплатна для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў – 9, прададзеныя з пачатковай цаной аўкцыёну ў памеры адной базавай велічыні – 46”.

Бізнесоўцы таксама вінавацяць чыноўнікаў у неэфектыўнай працы. “У нас гэтак часта бывае – пакуль дом яшчэ ў нармальным стане, заломваюць высокі кошт. А калі ён ужо канчаткова разбураны – хутчэй шукаюць, хто б яго ўзяў ды адрамантаваў”, – каментуе дырэктар будаўнічай кампаніі “Даўмонт” Іван Далматовіч. Год таму ягоная кампанія набыла палац Мержаеўскіх у Капыльскім раёне. Спачатку райвыканкам выставіў вельмі высокі кошт, але ў выніку прадаў аб’ект усяго за адну базавую велічыню – 35 тыс. рублёў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары