Расея: фотамантаж як сродак супраць апазіцыі


Фотаздымак, на якім апазіцыянер Аляксей Навальны шырока ўсміхаецца побач з алігархам Барысам Беразоўскім, надрукавалі ў газеце «Аргументы и факты – Урал. Дайджест». Ілюстрацыя суправаджаецца подпісам: «Аляксей Навальны ніколі не хаваў, што на барацьбу з Пуціным грошы яму дае алігарх Барыс Беразоўскі». Побач – артыкул з загалоўкам «Колькі грошай адвальваюць Навальнаму?».

Апазіцыянер заявіў, што гэта фотамантаж. На арыгінальным здымку Навальны стаіць побач з мільярдэрам Міхаілам Прохаравым. Аўтар сапраўднага здымка, фатограф Аляксей Юшанкоў, паведаміў, што выява ніколі не з’яўлялася ў медыях і яе, хутчэй за ўсё, скралі з узламанай паштовай скрыні Навальнага. Фатограф заявіў, што не пакіне інцыдэнту без увагі.

У выходных звестках газеты, надрукаванай нібыта накладам 80 тыс. асобнікаў, сцвярджаецца, што «матэрыялы дайджэсту падрыхтаваныя Агульнарасейскім народным фронтам» супольна з ТАА «АиФ-Урал».

Генеральны дырэктар выдавецкага дому «АиФ на Урале» Дзмітрый Бондараў заявіў, што ягоная арганізацыя не мае ніякага дачынення да распаўсюду ў Екацерынбурзе газеты з фотамантажом. У інтэрв’ю Рускай службе «Бі-бі-сі» ён сказаў, што газета, якую раздаюць на вуліцах гораду людзі, апранутыя ў форменныя скуранкі з надпісам «Уладзімір Пуцін» і лагатыпам ОНФ, мае іншую назву: «Аргументы і факты – Урал. Дайджэст»: «А мы такой газеты не выпускаем». Паводле Бондарава, адшукаць рэальных выдаўцоў гэтага «дайджэсту» будзе няпроста.

У прэс-службе Агульнарасейскага народнага фронту карэспандэнту «Бі-бі-сі» сказалі, што ў курсе таго, што адбылося, але ў звязку з навагоднімі святамі пакуль не могуць разабрацца, ад каго магла сыходзіць ініцыятыва такой публікацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў