«Спецкамбінат» хоча знішчыць Кальварыйскія могілкі


Прадпрыемства пагражае ліквідаваць каля дзесяці магілаў, якія знаходзяцца ў тым ліку на прыкасцёльнай тэрыторыі.

«Спецкамбінат», адказны за ўсе гарадскія могілкі, выказвае прэтэнзіі да бажніцы: маўляў, магілы канца XVIII ст. на Кальварыі не дагледжаныя і не прыбраныя. Мясцовы святар Андрэй Бародзіч абвяргае гэтыя абвінавачанні.

«Нашы парафіяне галоўную алею заўсёды прыбіраюць. Польскае таварыства дапамагае, моладзь – няма тут ні бруду, ні бур’яну», – кажа ён. Менавіта ксёндз Андрэй ініцыяваў абмеркаванне праблемы з іншымі менскімі святарамі ды грамадскімі актывістамі. Паводле прадстаўніцы МГА «Гісторыка» Наталлі Міхайлоўскай, такое не павінна адбывацца з гістарычнымі пахаваннямі: «На могілках сапраўды не ўсё ідэальна, але гэта зусім не значыць, што іх трэба знішчаць. Гэта гістарычныя пахаванні, каштоўнасць для ўсіх менчукоў і ўсіх беларусаў».

Цяпер кожную першую суботу месяца ў касцёле на Кальварыі праводзяцца малебны за захаванне могілак. Пасля гэтага ўсе ахвотныя могуць узяць удзел у іх упарадкаванні. Тым часам МГА «Гісторыка» накіравала афіцыйны зварот у Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць сітуацыю і не дапусціць знішчэння.

Апроч таго, насупраць Кальварыйскіх могілак запланавалі будаўніцтва гатэлю. Узводзіць аб’ект будзе супольная беларуска-амерыканская кампанія «Строминвест». Згодна з планам вокны комплексу выходзяць акурат на могілкі.

belsat.eu

Стужка навінаў