На беларускія прадпрыемствы са спісу МВФ зноў не знайшлі ахвочых


На чарговы конкурс не адгукнуўся ніводзін інвестар.

Гаворка ідзе пра ААТ “Бабруйскі машынабудаўнічы завод”, ААТ “Лідскі ліцейна-механічны завод”, ААТ “ВолМет”, ААТ “БарХім” і ААТ “Рэчыцкі тэкстыль”. Іх пакеты акцыяў належаць дзяржаве. Паводле маніторынгу Міністэрства эканомікі, гэтыя прадпрыемствы распачынаюць спіс самых стратных.

Напрыклад, на ваўкавыскім “ВолМеце”, які займаецца вытворчасцю замкоў, запазычанасць па зарплаце складае 3 месяцы. За апошнія 4 гады 35% працаўнікоў звольніліся, завод перайшоў на чатырохдзённую працу.

Паводле Дзяржаўнага камітэту маёмасці (ДКМ), конкурсы не адбыліся праз адсутнасць заявак ад пакупнікоў. Таму згаданыя прадпрыемствы могуць увайсці ў План прыватызацыі Беларусі на 2011–2013 гады, праект якога склалі паводле рэкамендацыяў МВФ. Ён прадугледжвае пераўтварэнне прыкладна 130 аб’ектаў дзяржаўнай маёмасці, а таксама продаж больш як 250 акцыянерных таварыстваў.

“У плане па продажы акцыяў няма “знакавых” прадпрыемстваў, пераважна рэпрэзентаваныя прадпрыемствы сярэдняга звяна”, – адзначае начальнік кіраўніцтва ўліку і распараджэння акцыямі Фонду дзяржаўнай маёмасці ДКМ Ганна Карніевіч.

Дырэктар жа Фонду дзяржаўнай маёмасці Наталля Жарнасек падкрэслівае: “Мы зацікаўленыя, каб інвестар не проста набыў завод ці фабрыку, але і выканаў усе сацыяльныя абавязкі перад працаўнікамі ды дзяржаваю”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук менавіта гэта і лічыць фактарам, які стрымлівае пакупнікоў: “Яму прапаноўваюць не проста набыць прадпрыемства. Ён мусіць захаваць усе працоўныя месцы, што былі пры дзяржкіраванні, утрымліваць дзіцячы сад, санаторый ды іншую маёмасць. Замест таго, каб развіваць прадпрыемства, ён вымушаны будзе разбірацца са старымі пазыкамі”.

Спрычыняецца да гэтага і той факт, што дзеянні МВФ у гэтым выпадку могуць насіць толькі рэкамендацыйны характар: фонд можа параіць, каб прадпрыемствы выставілі на продаж або змянілі ўмовы продажу. Аднак калі ўлады ўсё адно не знаходзяць інвестараў, гэта не пагражае ніякімі санкцыямі.

belsat.eu

Стужка навінаў