Турчынаў: Цімашэнку хацелі забіць


Намеснік кіраўніка партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» заявіў, што здароўе былой прэм’ер-міністра Украіны пад пагрозаю.

На прэс-канферэнцыі 10 студзеня ён распавёў, што Юлія Цімашэнка не атрымлівае належнай медычнай дапамогі ў харкаўскай калоніі, дзе яна адбывае сямігадовы тэрмін зняволення.

«6 студзеня прыкладна а 22:30 Юлія Уладзіміраўна Цімашэнка адразу пасля прыёму лекаў у звязку з захворваннем на ВРВІ – лекаў, якія далі ёй працаўнікі калоніі, – страціла прытомнасць. Цягам 20 хвілінаў яе сукамерніца спрабавала дагрукацца ў дзверы, каб прывялі медыкаў. І толькі пасля 24:00 Юлію Уладзіміраўну змаглі вывесці з таго крытычнага стану, у якім яна была, то бок вярнуць да жыцця», – паведаміў Турчынаў журналістам.

Цімашэнку пасадзілі за краты летась у кастрычніку, суд вырашыў, што яна перавысіла службовыя паўнамоцтвы, падпісаўшы ў 2009 г. газавае пагадненне з Расеяй, паводле якога Украіна атрымала высокія кошты на паліва. Яе пераслед асудзілі Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Звяз.

Турчынаў бачыць у несвоечасовым і неналежным аказанні медычнай дапамогі палітычныя матывы і вінаваціць урад Віктара Януковіча ў спробе забіць Юлію Цімашэнку. На мінулым тыдні ейны муж атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

belsat.eu

Стужка навінаў