Эканамісты: Напрыканцы 1990-х было яшчэ горш


Эксперты згадваюць, якою была інфляцыя пасля расейскага дэфолту і як беларускаму ўраду ўдалося тады стабілізаваць сітуацыю.

Эканаміст Леанід Злотнікаў нагадвае, што ў 1999 г. кошты выраслі ў 3,5–4 разы, а інфляцыя была вышэйшая, чымся летась. Тады з ёю змагаліся адміністрацыйнымі захадамі – усталявалі ліміт на прырост цэнаў цягам месяца. Дапамог і павышаны попыт на беларускія тавары ў Расеі, якая перажыла дэфолт, і выйсце на рынкавы валютны курс.

«Калі не глядзець на пачатак 1990-х, дык найвялікшая інфляцыя ў нас была ў 1999 годзе, – нагадвае Аляксандр Чубрык з Інстытуту прыватызацыі ды менеджменту. – Яна тады перавысіла 250 %. У 2000 годзе ўлады ўжо рабілі пэўныя захады для абмежавання інфляцыі. Пачалася больш-менш узважаная грашовая палітыка, істотна падвышаныя адсоткавыя стаўкі. Тое, што мы цяпер назіраем».

Высокія адсоткавыя стаўкі – адзін з інструментаў. Банкі або прыпынілі спажывецкае крэдытаванне, або вызначылі такія стаўкі, што людзі не ў стане іх выплаціць. Гэта абмяжоўвае ўнутраны попыт і вядзе да скарачэння інфляцыі.

Ці атрымаецца ў беларускага ўраду стрымаць рост коштаў? Тут меркаванні экспертаў разыходзяцца. Аляксандр Чубрык называе сённяшнюю эканамічную палітыку «даволі ўзважанаю», хоць не бярэцца прагназаваць узровень інфляцыі ў 2012 г., спасылаючыся на прагнозы Міністэрства эканомікі.

Леанід Злотнікаў, у сваю чаргу, упэўнены: нас чакае ўсплёск інфляцыі ў сярэдзіне вясны – пачатку лета. Прычына – урад не рэагуе на шэраг заўвагаў МВФ. Выдаткі, закладзеныя на гэты год, перавышаюць магчымасці краіны. Паводле Злотнікава, інфляцыя складзе ад 50 да 100 %. Ва ўмовах хуткага абясцэньвання нацыянальнай валюты людзі імкнуцца хутчэй выдаткаваць грошы, што аўтаматычна правакуе інфляцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў