Дзмітрый Вус заклікае дапамагчы яму вярнуць Беларусі выбары


Былы кандыдат на прэзідэнцтва звярнуўся да грамадзянаў з просьбаю ўзяць удзел у дзейнасці ініцыятыўнай групы дзеля збору подпісаў за змяненне Выбарчага кодэксу. Гэткая змена заканадаўства і была ягонай асноўнаю мэтаю падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Як адзначаецца ў заяве, дэпутаты ўсіх узроўняў, пачынаючы ад сельсаветаў і сканчаючы Палатаю прадстаўнікоў, пазбаўленыя рэальнай улады. “Яны – не дэпутаты. Іх не абіраў народ, іх прызначылі чыноўнікі. Таму людзі з дэпутацкімі значкамі бяздумна ўхваляюць самыя недарэчныя ініцыятывы ўлады. Гэта тычыцца вашага мястэчка, вёскі, сталіцы. Вашыя грошы пускаюць на набыццё дарагіх іншамарак і пабудову лядовых палацаў, у той час як у лякарнях перабоі з лекамі, у дзіцячых дамах і школах не хапае прасцінаў і лыжак. Змяніць гэта ў вашых сілах!” – кажа Вус.

Дзмітрый Вус падкрэслівае: “Ёсць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая дазваляе грамадзянам вылучаць законапраекты на разгляд Нацыянальнага сходу. <…> На маю просьбу старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына дала тлумачэнні паводле тых пунктаў Закону аб ініцыятывах грамадзянаў, якія недакладна прапісаныя. На падставе гэтага мы можам фармаваць ініцыятыўную групу і рэгістраваць яе ў ЦВК, пасля чаго цягам месяца мусім сабраць не менш як 50 тысяч подпісаў грамадзянаў за змяненне закону. Палата прадстаўнікоў будзе абавязаная вынесці гэтае пытанне на галасаванне”.

Паводле палітыка, праект закону напісаны вельмі проста і зразумела. Размова ідзе перш за ўсё пра змяненне артыкулаў 34, 35 і 72 Выбарчага кодэксу. Як лічыць Вус, неабходна, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, спіс якіх мае падавацца за 15 дзён да галасавання. Прадстаўнікам кандыдата мусяць выдаваць пасведчанні чальцоў выбаркамаў цягам трох дзён.

Гэта неабходна для таго, перакананы палітык, каб выбары былі празрыстыя і незалежныя, каб у камісіях былі альтэрнатыўныя людзі. Са словаў экс-кандыдата на прэзідэнцтва, прадстаўнікі партыяў і грамадскіх арганізацыяў падтрымліваюць ягоную ініцыятыву, аднак пра жаданне непасрэдна ўдзельнічаць у кампаніі пакуль не заяўлялі.

“Хачу памяняць сітуацыю ў краіне, – кажа Вус, – каб у нас былі не псеўдавыбары, калі старшыня выбарчай камісіі па званку зверху проста “малюе” пратакол, а людзі ў гэтым шоу выступаюць у ролі клоўнаў, якія нічога не вырашаюць. <…> Нават калі ўсе сто адсоткаў прыйдуць і прагаласуюць за нейкага чалавека, усё адно дэпутатам будзе той кандыдат, які патрэбны ўладзе. Неабходна сфармаваць грамадскую думку, каб, абапіраючыся на простых людзей, разумных і свядомых, Беларусь адышла ад гэтых псеўдавыбараў, а закон рэгуляваўся людзьмі, а не ўладаю”.

belsat.eu

Стужка навінаў