Італьянцы пабудуюць электрастанцыю ў Берасці


Упершыню ўлады пагадзіліся на долю прыватнай уласнасці ў энергасістэме краіны

Берасцейскі аблвыканкам падпісаў дадатковае пагадненне з кампаніяй «Белэнерга», якая мае пераважна італьянскі капітал. Новая ТЭЦ мае забяспечыць горад электраэнергіяй ды цяплом і дазволіць экспартаваць значную частку рэсурсаў. Намеснік старшыні аблвыканкаму Мікалай Крывецкі адзначае, што паспяховая рэалізацыя гэтага праекту адновіць статус-кво Берасцейскай вобласці як самага сучаснага і магутнага энергетычнага комплексу ў Беларусі. «Новая электрастанцыя будзе складацца з двух турбінаў, энергетычная магутнасць якіх складзе 400 МВт. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць электраэнергіяй не толькі Берасце, але часткова іншыя тэрыторыі вобласці. Каля 70 % электраэнергіі плануецца экспартаваць у еўрапейскія краіны. Акрамя таго, новая ТЭЦ, у адпаведнасці з праектам, здольная выпрацоўваць да 150 мегават-гадзінаў цеплавой энергіі», – патлумачыў чыноўнік.

Галоўны інвестар – італьянская кампанія «Ansaldo Energia», якая займаецца вытворчасцю турбінаў і энергаабсталявання, – прыцягвае для будаўніцтва Берасцейскай ТЭЦ найноўшыя еўрапейскія тэхналогіі. Дырэктар ЗТАА «Белэнерга» Карла Пэрардзі, які доўгі час працуе ў нашай краіне, кажа, што ў энергетычны праект італьянскі бок плануе інвеставаць, паводле папярэдніх звестак, каля 415 млн еўраў, 50 млн з якіх пойдуць на інфраструктуру. «Акрамя станцыі з падключэннямі, праект прадугледжвае будаўніцтва электрычных сетак і сістэмы бесперапыннага току магутнасцю каля 500 МВт з дадатковаю сумай інвестыцыяў каля 200 мільёнаў еўраў. На рэалізацыю спатрэбіцца каля трох гадоў», – заявіў Карла Пэрардзі і заўважыў, што энергетычная сістэма будзе працаваць на газе, таму не нанясе шкоды экалогіі.

belsat.eu

Стужка навінаў