Злосных неплацельнікаў пазбавілі ўласнага жылля


За год у Менску канфіскавалі кватэры ў 6 сямей, яшчэ 24 сям’і перасялілі ў дамы горшай камфортавасці. Аднак неплацельнікаў у сталіцы значна больш, кажуць камунальнікі.

У Менску на тэхабслугоўванні ў жыллёвых аб’яднаннях – каля 6,5 тыс. жылых дамоў і больш за 600 тыс. кватэраў. Летась пратэрмінаваная запазычанасць за паслугі ЖКГ у сталіцы склала 4,5 млрд руб. “Пераважна неплацельнікі – гэта недысцыплінаваныя жыхары, якія папросту забываюць або не паспяваюць ў тэрмін разлічыцца з камунальнікамі ды плацяць раз на два месяцы, – кажа спецыялістка Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Ала Мілава. – Але каля 6 % ад агульнай сумы запазычанасці прыпадае на тых, хто не плаціць паводле рахункаў ад трох месяцаў і нават да пяці гадоў. Вось такіх “рэкардсменаў” і чакае высяленне праз суд”.

У барацьбе са злоснымі неплацельнікамі ўжываюць разнастайныя захады: абветкі з нагадваннем аплаціць жыроўку своечасова, папярэджанні вусныя і пісьмовыя, візіты з працаўнікамі міліцыі, адключэнне камунальных паслуг і судовае разбіральніцтва аб канфіскацыі маёмасці. Час ад часу праводзяцца акцыі “Аплаці камуналку – атрымай падарунак” – такім чынам працаўнікі ЖКГ спрабуюць заахвоціць жыхароў сумленна аплачваць паслугі, якімі яны карыстаюцца.

Агулам за апошнія тры гады доля злосных неплацельнікаў ЖКГ скарацілася з 10,5 % да 6,6 %. Як паведаміла начальніца кіраўніцтва эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алена Дудзінская, у Расеі, да прыкладу, гэтая доля даходзіць да 30 %. «Паводле дзейнага заканадаўства, своечасовая аплата паслуг ЖКГ – абавязак спажыўцоў гэтых паслуг. Таму захады ў адносінах парушальнікаў мусяць быць сур’ёзныя», – лічыць чыноўніца.

belsat.eu

Стужка навінаў