Апытанне: як жыць далей?


https://youtu.be/kAoWJTvDH3s
У Беларусі летась зафіксаваная самая высокая інфляцыя за апошнія дзесяць гадоў. Пра гэта кажуць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

За мінулы год спажывецкія цэны павялічыліся на 108,7 %, у тым ліку за снежань – на 2,3 %. Гэта прыкладна на 100 % больш, чым прадугледжваў прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, згодна з якім інфляцыя не мусіла перавысіць 7,5–8,5 %. Паводле незалежных эканамістаў, у 2012 годзе інфляцыя складзе ад 40 да 70 %.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, як яны даюць рады ў гэткіх умовах і як выйсці з гэткага крызісу.

“Ашчаджаць даводзіцца літаральна на ўсім, неверагодна проста. Выйсце? Знайсці адпаведную працу альбо з’ехаць за мяжу”, – кажа жанчына.

“Я стараюся болей працаваць і ўсё ж такі дазваляць сабе тыя ж паслугі ды тавары. Працаваць трэба яшчэ болей, якое тут яшчэ выйсце? У прынцыпе, мы і раней перажывалі даволі складаныя часы. Думаю, што далейшага падаражання ўжо не будзе, і неяк пра нас урад паклапоціцца”, – з аптымізмам глядзіць у будучыню чарговая рэспандэнтка.

“Жывем мы на дзве пенсіі, таму, натуральна, вельмі цяжка. Натуральна, тое, што ў летась маглі сабе дазволіць, у гэтым годзе ўжо не ў стане. Выйсце? Паміраць – болей няма выйсця! У нас увесь час кажуць – 2,5 мільёны пенсіянераў, “як іх шмат”. Яны забываюць, што ўсё тут дзякуючы нашай працы збудаванае. Атрымліваецца, што мы нейкія нахлебнікі ў вас на шыі, яшчэ ў кагосьці. У мяне часамі такое адчуванне, што палітыка накіраваная на тое, каб пенсіянераў засталося як мага меней. Што ім грошы дарма плаціць – на могілкі ды ўсё”, – іранізуе жанчына сталага веку.

“Магу, магу ўсё тое ж сабе дазволіць, бо насамрэч нічога не змянілася. Курс долара расце, кошты на імпартныя тавары таксама растуць – усё заканамерна. Розніца толькі ў тым, што большасць атрымлівае зарплату ў рублях, ім цяжэй, а тыя, хто атрымлівае зарплату ў валюце, ім значна прасцей”, – кажа малады чалавек, відавочна, з другой катэгорыі людзей.

“Утрая горай стала жыць, як мінімум. Якое выйсце? Ніякага. Мы ж рэвалюцыі не зробім, проста давядзецца іншага прэзідэнта выбіраць на наступны тэрмін, а рэвалюцыі ж рабіць не будзем”, – кажа пажылы чалавек.

belsat.eu

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары