Камітэт свабоды журналістаў заклікае неадкладна вызваліць Аляксандра Баразенку


Аляксандра Баразенку затрымалі падчас выканання працоўных абавязкаў. Ён здымаў акцыю салідарнасці з палітвязнямі ля будынку КДБ у Менску. Калі актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Мікіта Каваленка разгарнуў партрэты палітзняволеных і бел-чырвона-белы сцяг, яго разам з журналістам затрымалі працаўнікі КДБ. У панядзелак, 9 студзеня, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў тэлеаператара Аляксандра Баразенку 11 днямі адміністрацыйнага арышту. Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Мікіту Каваленку арыштавалі на 15 дзён. Абодвух суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання. Адразу ж пасля вынясення прысуду Аляксандр на знак пратэсту распачаў галадоўку.

“Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць Баразенку, які толькі выконваў сваю працу, перадаючы навіны з месца падзеяў. Імгненны судовы працэс, у выніку якога Баразенку прызналі вінаватым і які заняў толькі адзін дзень, – пародыя на правасуддзе, што толькі пацвярджае рэпутацыю краіны як апошняй дыктатуры Еўропы”, – гаворыцца ў заяве Камітэту журналістаў.

Журналіста неаднаразова затрымлівалі падчас выканання прафесійных абавязкаў. Гэтак, напрыклад, 19 снежня мінулага года яго і яшчэ некалькі журналістаў затрымалі каля будынку КДБ падчас акцыі актывістак украінскага руху “Femen”. Тады Аляксандра даставілі ў Цэнтральнае РАУС, але праз некалькі гадзінаў выпусцілі.

belsat.eu

Стужка навінаў