$ 5 млрд для “Газпрому” ў выпадку парушэння дамовы аб “Белтрансгазе”


Вытрымкі з пагаднення, якое ААТ “Газпром” і Дзяржкамітэт маёмасці Беларусі падпісалі летась 25 лістапада ў Маскве, апублікавалі “РИА “Новости”. Раней змест дакументу не абнародаваўся.

“Беларускі бок забавязваецца на патрабаванне ААТ “Газпром” выкупіць усе раней перададзеныя ААТ “Газпром” акцыі ААТ “Белтрансгаз” за 5 мільярдаў долараў, а таксама кампенсаваць ААТ “Газпром” усе страты, якія могуць у яго ўзнікнуць у сувязі з гэтым у выпадку невыканання любых са згаданых у дакуменце ўмоваў”, – паведамляе “РИА “Новости”.

Да такіх умоваў, у прыватнасці, адносяцца:
– спажыванне набытага ў ААТ “Газпром” газу выключна на тэрыторыі Беларусі;
– бесперашкоднае і бесперабойнае транспартаванне праз тэрыторыю Беларусі прыроднага газу, які падаецца з тэрыторыі Расеі;
– выключнае права “Белтрансгаза” на набыванне прыроднага газу, што вывозіцца з тэрыторыі Расеі ды прызначаецца для спажыўцоў Беларусі;
– невыкарыстанне спецыяльных правоў на кіраванне ААТ “Белтрансгаз”, якія парушалі б або ўціскалі аб’ём правоў, дадзеных акцыянерам “Белтрансгазу” ў адпаведнасці з заканадаўствам аб гаспадарчых таварыствах, уключаючы ўвядзенне асаблівага права (“залатой акцыі”) на ўдзел у кіраванні беларускім газатранспартным прадпрыемствам;
– адсутнасць не санкцыянаванага ўласнікам прыроднага газу адбору з плыні газу, што транспартуецца праз тэрыторыю Беларусі;
– нязменнасць умоваў карыстання зямельнымі надзеламі пад аб’ектамі нерухомай маёмасці беларускага адцінку газаправоду “Ямал–Еўропа” ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, якое дзеіць на дзень падпісання пагаднення.

Пасля падпісання гэтага пагаднення, якое прадугледжвала набыццё “Газпромам” астатніх 50 % акцыяў ААТ “Белтрансгаз”, расейскі манапаліст стаў уладальнікам 100 % акцыяў беларускай кампаніі. Першыя 50 % акцыяў “Белтрансгазу” “Газпром” выкупіў далямі цягам 2007–2010 гадоў.

“Газпром” ужо абнародаваў рашэнне перайменаваць “Белтрансгаз” у “Газпром трансгаз Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў