Нарвежская паліцыя шукае беларускую нявесту тэрарыста


Нарвежская пракуратура хоча дапытаць беларуску, з якой Андэрс Брэйвік пазнаёміўся праз інтэрнэт.

Паводле нарвежскага тэлеканалу NRK, Брэйвік пазнаёміўся з жанчынаю, якую звалі Надзя або Наташа, праз інтэрнэт-партал для жыхарак Усходняй Еўропы, якія шукалі заходніх жаніхоў. Пра гэта паведамляе польскі інтэрнэт-партал Kresy24.pl.

Тэрарыст наведаў Беларусь у 2005 г., каб сустрэцца з ёю. Гэтую інфармацыю пацвердзіла нарвежская пракуратура. Раней улады Беларусі паведамлялі, што Брэйвік прабыў на тэрыторыі краіны з 4 да 11 сакавіка 2005 г. Між тым ананімная крыніца ў беларускіх сілавых структурах заяўляе, што ён прыязджаў тройчы.

На допыце абвінавачаны ў здзяйсненні леташніх тэрактаў у Нарвегіі распавёў, што бачыўся з беларускай у 2005 г., але падрабязнасцяў сустрэчаў не раскрыў. Надзя (або Наташа) пабывала ў Осла, дзе бачылася з Брэйвікам у рэстаране. Пра гэта распавёў ягоны блізкі сябар. Паводле яго, вяселлем знаёмства не скончылася, бо беларуская нявеста была занадта ахвочая да грошай, за што тэрарыст празваў яе «шукальніцаю золата».

Нарвежская паліцыя сцвярджае, што ведае прозвішча жанчыны і збіраецца яе дапытаць, як толькі выявіць, дзе яна цяпер. Паводле журналістаў каналу NRK, яна выйшла замуж за еўрапейца і цяпер жыве ў ЗША.

22 ліпеня 2010 г. Андэрс Бэрынг Брэйвік (Anders Behring Breivik) здзейсніў выбух ва ўрадавым квартале сталіцы Нарвегіі, у выніку якога загінулі восем чалавек. Пасля расстраляў 68 удзельнікаў моладзевага летніку, што на востраве Утэя (Utøya), на паўночны захад ад Осла, зладзіла кіроўная Лейбарысцкая партыя Нарвегіі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары