Глыбокае сустрэне Дзень пісьменства ў стылі high-tech


Фасады цэнтральных дамоў пафарбуюць, а на галоўнай плошчы будынкі аздобяць шклом у стылі high-tech. З жыхарамі план перабудовы гораду ўлады не абмяркоўвалі.

Найбольш зменіцца выгляд Цэнтральнай плошчы. Фасад райвыканкаму атынкуюць і пафарбуюць, а пярэднюю частку будынку абліцуюць шклом. Універмаг зашкляць з двух бакоў. Таксама плануецца скончыць будаўніцтва амфітэатру.

На вуліцы Замкавай плануецца маштабны рамонт фасадаў і дахаў. Гістарычныя будынкі абяцаюць пакінуць у некранутым выглядзе. У старой камяніцы насупраць парку з’явяцца музейныя залы.

Фасады савецкіх двухпавярховікаў атрымаюць элементы аздаблення. Будынкі кансервавага заводу плануецца стылізаваць пад мадэрн, а на адным з цэхаў паставяць барочны франтон. Плошчу 17-га верасня цалкам пераплануюць. Цяперашнюю дарогу перакрыюць, транспарт пусцяць па ўсходнім баку. На месцы скверу з’явіцца стаянка для аўтамабіляў.

Змены запланаваныя і ў Глыбоцкім раёне. «Ігнат Буйніцкі нарадзіўся на Празароцкай зямлі. Плануем пабудаваць там сядзібу-музей, – паведаміў старшыня райвыканкаму Алег Морхат. – Працягнем добраўпарадкаванне гістарычна-турыстычнага цэнтру ў вёсцы Івесь, вядомага як «Цэнтр Еўропы», культурна-дэндралагічны комплекс у вёсцы Мосар. Думаю, заслугоўвае ўвагі ідэя стварыць музей на памяць пра ксяндза Юзаса Бульку, які ператварыў Мосар у беларускі Версаль, увага турыстаў да гэтага мястэчка круглы год вялікая».

Як паведамілі ў аддзеле ідэалогіі райвыканкаму, грамадскае абмеркаванне з нагоды перабудовы гораду не праводзілася і пакуль не плануецца. «Рэстаўрацыя кожнага будынку праходзіць узгадненне, усё – у межах закону. Калі жыхары не пагодзяцца з нашаю канцэпцыяй, мы выслухаем іхнія прэтэнзіі, але пакуль ніякіх скаргаў не было. Дый праект яшчэ можа змяніцца падчас рамонтных працаў», – кажа начальнік аддзелу ідэалогіі Міхаіл Чарапкоўскі.

Мясцовыя краязнаўцы скептычна ставяцца да свята ў сваім горадзе. «Гэта будзе разавае «грашовае ўліванне», – мяркуе краязнавец і выдавец газеты Уладзімір Скрабатун. – Заасфальтуюць ямы на дарозе, наладзяць продаж сувеніраў… Чыноўнікі кажуць пра рэканструкцыю гарадскіх аб’ектаў. Але чаму не пра тое, што ў нашай гімназіі штогод скарачаецца колькасць класаў з беларускаю моваю навучання? Чаму не пра тое, што наша дзяржаўная газета «Веснік Глыбоччыны» на 90 % зрабілася рускамоўнаю? Дзе тут павага да беларускай пісьменнасці? Ды нашы чыноўнікі наўрад ці змогуць выступіць на роднай мове перад гасцямі! Бо ад іх беларускага слова не дачакаешся. Калі пару гадоў таму яшчэ адказвалі па-беларуску на мае лісты, то цяпер і гэтага няма».

Што датычыць бюджэту, то пакуль не вядома, колькі дакладна грошай выдзеляць на сёлетняе свята. Дзень пісьменства–2011, што сустракалі ў Ганцавічах, каштаваў каля 100 млрд руб. Пры гэтым бюджэт увесь час скарачалі, бо спачатку Міністэрства культуры заяўляла пра 232 млрд руб., але такіх грошай выдаткаваць з бюджэту не змаглі.

Для збору сродкаў на Дзень пісьменства сёлета стварылі дабрачынны рахунак для арганізацыяў і грамадзянаў. УП ЖКГ раёну прапаноўвае мэтава пералічыць грошы або здаць другасную сыравіну на прыёмны пункт, а выручаныя сродкі пакінуць на абнаўленне гораду.

belsat.eu

Стужка навінаў