Агафонаў пра кібер-атакі: Гэта пакуль толькі «прамацванне»


«Я думаю, пакуль ідзе прамацванне, я не бачу нейкай масавай атакі. Гэта пошук слабых месцаў», – гаворыць дзяжурны рэдактар сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Раніцаю 9 студзеня ў выніку вонкавых дзеянняў некалькі гадзінаў не працавалі сайты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды арганізацыі «Маладыя дэмакраты». Рэдакцыя сайту «Хартыі’97», які перад Новым годам таксама трапіў пад кібер-атаку, апублікавала вынікі ўнутранага расследавання. Паводле аналізу віруса, якім былі пашкоджаныя кампутары «хартыйцаў», кампутары ды асабістая перапіска праз «Skype», электронную пошту і сацыяльныя сеткі вядомых беларускіх журналістаў, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў з лета мінулага года была пад кантролем беларускіх спецслужбаў.

«Спецслужбы адмыслова заражаюць кампутары журналістаў, апазіцыйных палітыкаў Беларусі ды такім чынам адсочваюць усю інфармацыю, што знаходзіцца на гэтых кампутарах, узломваюць паролі ад пошты, адсочваюць усю перапіску. Так быў узламаны сайт «Хартыі’97» і вялося праслухоўванне кампутараў», – гаворыць рэдактарка сайту charter97.org Наталля Радзіна.

«Інтэрнэт робіцца вялікаю дзейнаю сілай у грамадстве, і нашыя ўлады баяцца гэтага, імкнуцца ўсё больш і больш заціснуць яго», – мяркуе Арцём Агафонаў.

Пацверджанне таму – ранейшыя кібер-атакі, пад якія трапіў сайт незалежнага радыё «Рацыя», а таксама інтэрнэт-абменнік prokopovi.ch. Сайт charter97.org вывесіў інструкцыі, як абясшкодзіць вірусы і траянскія праграмы, выкарыстаныя для ўзлому.

belsat.eu

Стужка навінаў