«Малады фронт»: Супраць нас рыхтуецца працэс


Сябры міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) 9 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі пра павышаны інтарэс да арганізацыі ды яе лідараў з боку праваахоўных органаў.

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел актывісты арганізацыі, затрыманыя ў Менску 19 снежня 2011 г., якія адбывалі адміністратыўны арышт у сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Яны распавялі, што там да іх прыходзілі прадстаўнікі Камітэту дзяржбяспекі ды схілялі да супрацы.

Гэтак, Міхаіл Мускі паведаміў, што да яго шэсць разоў прыходзілі людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ. «Яны прапаноўвалі мне назваць нумары грантаў, якія нібыта атрымлівае МФ, прапаноўвалі падпісаць паперу аб невыдаванні, пагражалі тым, што ў камеру ўварвуцца «маскі-шоу» (супрацоўнікі міліцыі ў масках) і мяне паб’юць. Тым не менш, я на кожную прапанову адказваў адмоваю. Наступстваў пакуль не было», – распавёў актывіст.

Аналагічную гісторыю расказаў Павел Сяргей. Яму пагражалі адлічэннем з вучобы і збіццём. Аднак ён таксама адмовіўся адказваць на пытанні прадстаўнікоў КДБ.

Паводле Дзмітрыя Крымянецкага, яго пра дзейнасць «Маладога фронту» і кіраўніцтва арганізацыі таксама распытвалі людзі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. «Яны казалі, што могуць арганізаваць мне службу ў войску. На што ў адказ ім сказаў, што ў войску я ўжо адслужыў. Яны пачалі націскаць на сямейнае становішча – што ў маёй маці будуць праблемы на працы. Я ім адказаў, што маці выходзіць на пенсію. Яны заявілі, што паклічуць АМАП. Я сказаў: «Клічце». На гэтым усё скончылася», – расказаў хлопец.

Былы палітзняволены Уладзімір Яроменак адзначыў, што пасля ягонага арышту да яго таксама прыходзілі людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ. «Мне казалі, што я знаходжуся пад прафілактычным наглядам. І лёгка магу пайсці адбываць пакаранне ў турму, калі не пагаджуся на супрацу. Мяне гэта не спалохала. Аднак пасля выхаду я даведаўся, што мяне адлічылі з БДУІР нягледзячы на тое, што ў мяне не было ніякіх запазычанасцяў у здачы залікаў або экзаменаў», – заявіў Яроменак.

Раман Васільеў адзначыў, што за адмову ад супрацы, якую яму таксама прапаноўвалі нібыта прадстаўнікі КДБ, ён пазбавіўся працы. «Мне таксама пагражалі гвалтам. «Мы зараз выйдзем, а сюды зойдзе АМАП», – гаварылі гэтыя людзі. Я ім заявіў: «Хай заходзяць». А пасля яны прыйшлі да мяне і сказалі, што АМАП не прыехаў», – паведаміў Раман. Тым не менш, у будаўнічай фірме, у якой працаваў актывіст, адміністратыўны арышт яму залічылі як прагул.

Як заявіў адзін з лідараў «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, такая цікавасць да дзейнасці арганізацыі ды ціск на яе актывістаў сведчаць пра тое, што ўлады рыхтуюць судовы працэс супраць людзей, якія маюць дачыненне да «Маладога фронту».

belsat.eu

Стужка навінаў