Андрэй Фёдараў у «Гарачым каментары»


Усё гарачэйшы канфлікт «ЗША–Іран» – у цэнтры сусветнай увагі. Міністр абароны Злучаных Штатаў Лэян Панэта і старшыня Аб’яднанага камітэту кіраўнікоў штабоў узброеных сілаў ЗША Марцін Дэмпсі пагражаюць разграміць усю ядравую праграму Ірану, калі той заблакуе нафтатранспартавую Хурмузскую пратоку і будзе працягваць выпрабаванні ракетаў. Якія наступствы можа мець такі ўдар па Іране?

Іран, які падпісаў дамову аб нераспаўсюдзе ядравай зброі, не мае права працягваць працы для ўзбагачэння ўрану і не мае права перакрываць глабальны нафтавы калідор, якім ёсць Хурмузская пратока… Гэта ўльтыматум ЗША, у выпадку невыканання якога Вашынгтон гатовы ўжыць сілу. Вайна супраць Ірану ці яго саюзніцы Сірыі распаўсюдзіцца на ўвесь рэгіён – папярэджвае шыіцкая радыкальная групоўка «Хізбула», у арсенале якой тысячы іранскіх ракетаў, накіраваных на Ізраіль. І гэта толькі пачатак ланцуга…

Паводле палітолага Андрэя Фёдарава, Іран не гатовы кінуць ваенны выклік ЗША і Заходняй Еўропе. Навошта тады Ірану ядравая зброя? Гэта можна патлумачыць імкненнем да лідарства ў рэгіёне, кажа эксперт.

Ён мяркуе, што і перакрыць нафтавую жылу Тэгеран наўрад ці наважыцца. Калі гэта ўсё ж адбудзецца, ці выгадны Бараку Оўбаме чарговы ваенны канфлікт напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў? «Калі сітуацыя зойдзе далёка, у яго не будзе іншага выйсця, інакш супернікі-рэспубліканцы прыпомняць ягоную слабасць», – гаворыць палітолаг.

Ці чакаць у выпадку сілавога ўдару ЗША па Іране ланцуговай рэакцыі на Блізкім Усходзе? Сірыя – не настолькі моцная краіна, каб істотна паўплываць на развіццё падзеяў. У цяжкім стане застаецца Ліван. Ірак не ў такіх добрых адносінах з Іранам, каб яго падтрымліваць. Саудаўская Аравія, у сваю чаргу, не хавае негатыўных адносінаў да Тэгерану. Такім чынам, моцных хаўруснікаў на Блізкім Усходзе ў Ірану няма. Таму ён вымушаны будзе саступіць першым, падсумоўвае Андрэй Фёдараў.

belsat.eu

Стужка навінаў