Пракурор спрабаваў застрэліцца ў перапынку прэс-канферэнцыі


Вайсковы пракурор Міколай Пшыбыл здзейсніў спробу самагубства на хвалі абвінавачванняў у незаконным праслухоўванні тэлефонаў журналістаў. Інцыдэнт здарыўся 9 студзеня ў польскім горадзе Познань.

У Польшчы збіраюцца ліквідаваць вайсковую пракуратуру. Вайсковы пракурор Міколай Пшыбыл выступае супраць новаўвядзенняў, за якія на прэс-канферэнцыі ў Познані ён раскрытыкаваў генеральнага пракурора краіны.

Рашэнню пра ліквідацыю папярэднічала гучная справа пра «ўцечку» інфармацыі падчас расследавання катастрофы ўрадавага самалёта ў Смаленску ў 2010 г. (гэтую справу ў выніку спынілі). Медыі паведамілі, што вайсковая пракуратура ў Познані, якая займалася справаю «ўцечак», чытала SМS з тэлефонаў журналістаў, хоць, паводле польскага заканадаўства, на гэта трэба санкцыя суддзі. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Генеральнай пракуратуры Матэўш Мартынюк. Ягоныя словы падтрымалі шматлікія эксперты.

На адрас экспертаў на прэсавай канферэнцыі Пшыбыл таксама не пашкадаваў крытычных заўвагаў. Раней у інтэрв’ю tvn24.pl ён заявіў, што дазвол суда на чытанне SМS-паведамленняў не патрэбны. Дый увогуле ён, маўляў, не ведаў, каму належаць нумары тэлефонаў. Аднак матэрыялы следства сведчаць пра тое, што ён гаворыць няпраўду.

Пасля эмацыйных заяваў Пшыбыл папрасіў у журналістаў пяціхвілінны перапынак. Калі ўсе выйшлі з кабінета, ён дастаў зброю і паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Журналісты пакінулі ў пакоі ўключаную відэакамеру. Яна не была скіраваная ў той бок, дзе адбыўся інцыдэнт, але зафіксавала гук стрэлу. Праз секунду ў памяшканне ўбеглі журналісты. Пракурор застаўся жывы, яго адвезлі ў шпіталь.

belsat.eu

Стужка навінаў