Дзяржаўныя газеты адмовіліся друкаваць праграму Рымашэўскага


Штабу прапанавалі выправіць тэкст, калі рабіць гэта было позна.

Павел Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты ад “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталя Рымашэўскага, сказаў, што прадстаўнікі рэспубліканскіх газет патэлефанавалі толькі сёння.

“Газеты не пагаджаюцца друкаваць выбарчую праграму Рымашэўскага з-за таго, што ён заклікае беларусаў адстойваць свой выбар на плошчы 19 снежня, у дзень выбараў. Нам прапанавалі даць іншы тэкст праграмы, без закліку людзей на плошчу. Аднак мы не можам гэта зрабіць чыста юрыдычна – тэрмін падачы праграм у СМІ скончыўся 28 лістапада”, – паведаміў Севярынец.

З праблемамі пры публікацыі сваёй перадвыбарнай праграмы сутыкнуўся і кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Паводле кіраўніка ягонага штабу Аляксея Янукевіча, у рэдакцыях палічылі, што словы “лукашызм” і “лукашэнкаўскі рэжым” абражаюць годнасць службовай асобы. Таму каманда вымушана была замяніць іх на “аднаасобны рэжым” і “аўтарытарны рэжым”.

Не абыйшлося без праблемаў і пры друкаванні перадвыбарнай праграмы Дзмітрыя Вуса. “Дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка праграмы, у якой я параўноўваў сённяшнюю выбарчую сістэму Беларусі з выбарчай сістэмай Германіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя”, – патлумачыў ён, заўважыўшы, што праўкі ўносіць не збіраецца. Кандыдат збіраецца вырашаць праблему ў Цэнтрвыбаркаме, а калі не атрымаецца – падаваць на выданні ў суд.

Астатнія кандыдаты ў прэзідэнты з цяжкасцямі пры змяшэчэнні сваіх праграм у газетах не сутыкаліся. Нагадаем, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам яны маюць права апублікаваць іх у рэспубліканскіх газетах “Звязда”, “Советская Белоруссия”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, сталічнай газеце “Минский курьер” і шасці абласных газетах.

Перадвыбарныя праграмы павінны друкавацца па чарговасці іх паступлення. Пакуль дзяржаўныя газеты апублікавалі толькі адну праграму – Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося 27 лістапада.

belsat.eu

Стужка навінаў