Паўночная Карэя: новы культ асобы


Паўночнакарэйскае тэлебачанне ізноў выпраменьвае аптымізм – жыхарам краіны паказалі дакументальны фільм пра “несмяротныя дасягненні” новага кіраўніка – Кім Чэн Уна.

Паводле афіцыйнае прапаганды, Кім Чэн Ун – “геній з геніяў”, перадусім – вялікі вайсковы стратэг. У дакументальным фільме ён скача на кані, ездзіць на танку. Дэманструюцца фотаздымкі Кім Чэн Уна ў верталёце і самалёце. Вярхоўны галоўнакамандуючы аддае загады вайскоўцам і раіцца са сталымі генераламі. Пры гэтым генералы ўсім сваім выглядам дэманструюць велізарную павагу, а шараговыя вайскоўцы ў захапленні размахваюць зброяй і крычаць.

Пра асобу Кім Чэн Уна вядома няшмат. Лічыцца, што ягоны ўзрост – каля 27–28 гадоў. Некаторы час навучаўся ў прыватнай школе ў Швейцарыі. Ягонае імя можна перакласці як “праведнае воблака”.

Аналітыкі мяркуюць, што Кім Чэн Ун працягне палітыку нарошчвання вайсковай моцы Паўночнай Карэі ды далейшых ядравых даследаванняў. Паводле апошніх звестак, войска Паўночнай Карэі складаецца з 1 200 000 чалавек. Менавіта ваенныя выдаткі цягнуць на большую частку ў бюджэце краіны. Праз гэта цярпяць шараговыя жыхары. Тым часам паводле паўднёвакарэйскіх медыяў, Пхеньян звярнуўся да Злучаных Штатаў з просьбаю павялічыць гуманітарную дапамогу, перадусім патрэбныя харчы.

belsat.eu

Стужка навінаў