Пад Даўгаўпілсам сышоў з рэек беларускі цягнік з нафтапрадуктамі


Позна ўвечары 8 студзеня недалёка ад Даўгаўпілсу (Латвія) адбылася аварыя з беларускім цягніком, які перавозіў нафтапрадукты.

Як паведамілі ў канцэрне “Латвійская чыгунка”, з рэек сышло 16 вагонаў. У выніку разліліся нафтапрадукты – аліва і растваральнік. Інфармацыя пра здарэнне паступіла на чыгуначную станцыю Даўгаўпілс ў нядзелю а 23:15.

Паводле інфармацыйнага парталу “Delfi”, аварыя адбылася за кіламетр ад чыгуначнай станцыі “Krauja”. У выніку аварыі ніхто не пацярпеў. Колькасць разлітых нафтапрадуктаў пакуль не вядомая. Паведамляецца толькі, што каб пазбегнуць яшчэ большага разліву алівы, выратавальныя службы ў аператыўным парадку ўсталявалі пясковыя заслоны плошчаю 4 тысячы квадратных метраў.

У дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службе Латвіі сцвярджаюць, што выцек “носіць лакальны характар і не пагражае сур’ёзнымі наступствамі”. Цяпер на месцы здарэння працягваюцца працы ў ліквідацыі наступстваў аварыі. Сёння ратавальныя службы мусяць пачаць пад’ём цыстэрнаў, што сышлі з рэек.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары