Выратаваць Кальварыйскія могілкі


Моладзевыя актывісты ўзялі ўдзел у прыбіранні ды акультурванні старых магілаў, пра магчымы знос якіх папярэдзілі гарадскія ўлады.

Установа “Спецкамбінат”, адказная за ўсе гарадскія могілкі, змясціла на агароджах пахаванняў цэнтральнай алеі папярэджанні аб ліквідаванні магілаў XIX стагоддзя, калі яны застануцца непрыбраныя і недагледжаныя.

“Чаму тут з’явіліся гэтыя шыльды, нам пакуль невядома. Мажліва, гэта проста тыповая працэдура, і кіраўніцтва камбінату не падумала, які рэзананс гэта можа выклікаць у грамадстве”, – адзначыла старшыня моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Таша Міхайлоўская.

Паводле яе, здзіўленне выклікае той факт, што шыльды з’явіліся на пахаваннях менавіта XIX стагоддзя, а канцэнтрацыя шыльдаў большая на цэнтральнай алеі. “Нас бянтэжыць, што могілкі могуць знесці, а на пахаваннях XIX стагоддзя ўздоўж цэнтральнай алеі могуць быць пахаваныя іншыя людзі. Кальварыйскія могілкі ўнесеныя ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паводле заканадаўства забаронена рабіць якія-небудзь працы ці змяняць выгляд гэтых могілак”, – сказала Міхайлоўская.

“У грамадстве ходзяць чуткі, што атрымаць месца на пахаванне на закрытых могілках каштуе вялікіх грошай, называюцца лічбы і тысяча, і 20 тысяч долараў, але мне цяжка праверыць дакладнасць гэтых звестак”, – дадала яна.

Старшыня аб’яднання “Гісторыка” паведаміла, што сёння Кальварыйскія могілкі – адзінае месца ў Менску, дзе захаваліся надмагільныя помнікі пачатку XIX стагоддзя. “Тут ёсць некалькі пахаванняў, якія шануюцца беларусамі, напрыклад, тут ляжыць бацька братоў Луцкевічаў (грамадскіх і палітычных дзеячаў пачатку ХХ ст. – “Белсат”) – у яго вельмі цікавы помнік, нават з фотаздымкам. Сучасныя фотаздымкі на могілках не вытрымліваюць і 10 гадоў, а той фотаздымак нават выглядае даволі новым. Тут жа пахаваны Вацлаў Іваноўскі (міністр асветы БНР. –”Белсат”)”, – сказала Міхайлоўская.

belsat.eu

Стужка навінаў