Ці з’явіцца “Вялікі брат” у байнэце?


Уступленне ў сілу паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, што датычаць адказнасці за парушэнні ў сферы выкарыстання інтэрнэту, выклікала рэзананс сярод карыстальнікаў Сеціва ў Беларусі. Ці змены ў заканадаўстве прынясуць татальны кантроль за беларускімі інтэрнаўтамі?

Паводле новых нормаў, штраф ад 5 да 15 базавых велічыняў пагражае інтэрнэт-аператару ці інтэрнэт-кавярні, калі не будзе весціся ідэнтыфікацыя карыстальнікаў і захоўванне інфармацыі пра іх. “На маю думку, асноўная мэта – сама статыстыка: якія сайты наведваюць людзі, параўнаць наведванні дзяржаўных сайтаў, апазіцыйных і паглядзець, чым цікавяцца людзі ў нашай краіне, – гаворыць прававы аналітык дыскусійна-аналітычнай супольнасці «Ліберальны клуб» Мікіта Бяляеў. – Што датычыць тэорыі татальнага кантролю, “Вялікага брата”, то я лічу, што гэта не асноўная мэта, бо гэта немагчыма фізічна, гэта вельмі дорага. Беларусь не можа дазволіць сабе такіх выдаткаў. За пэўнымі грамадзянамі, я думаю, і да прыняцца гэтага нарматыўнага акту сачылі”.

Ад 10 да 30 базавых велічыняў – гэта штраф, які можа накладацца на інтэрнэт-правайдара, калі ён не абмяжоўвае доступу карыстальнікам да інфармацыі, забароненай да распаўсюджу – у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Абавязковую інтэрнэт-фільтрацыю ўвялі для дзяржаўных органаў, выключаючы сілавыя ведамствы, і ўстановаў адукацыі. Для ўсіх астатніх інтэрнэт-доступ могуць абмежаваць толькі на жаданне самога карыстальніка. Магчымасць такога блакавання эксперт лічыць “разумным і легальным”. “Напрыклад, калі працадаўца не хоча, каб ягоныя працаўнікі наведвалі тыя ці іншыя рэсурсы, напрыклад, сацыяльныя сеткі, на працоўным месцы, – у гэтым няма нічога, што б парушала правы чалавека”, – мяркуе Мікіта Бяляеў.

Тым не менш, новаўвядзенні ў заканадаўстве шмат хто ацэньвае як інтэрнэт-цэнзуру. Шэраг аналітыкаў, прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці ды паспалітых інтэрнаўтаў асцерагаюцца ўзмацнення кантролю за непажаданымі ўладам апазіцыйнымі сайтамі.

Паводле неафіцыйнае інфармацыі, ужо сёння ў спіс забароненых рэсурсаў, акрамя сайтаў парнаграфічнага зместу, уключаныя сайты “Белорусский партизан”, “Хартыя’97”, незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” і блог Яўгена Ліпковіча ў “Жывым дзённіку”.

belsat.eu

Стужка навінаў