Праваслаўныя святкуюць Раство


Праваслаўныя Беларусі святкуюць Нараджэнне Хрыстова. Урачыстыя набажэнствы пачаліся мінулае начы ўва ўсіх цэрквах краіны і працягнуцца сёння.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуўся да вернікаў з традыцыйным святочным пасланнем.

“Нараджэнне Хрыстова – гэта крок найвялікшага даверу да чалавечага роду, – адзначае кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). – Бог становіцца дзіцяткам, дазваляе юнай Марыі трымаць Сябе на руках, даручае Сябе клопату састарэлага Іосіфа і шмат каго з іншых людзей, якія былі вакол Яго. Падзея Нараджэння Хрыстовага звяртаецца да сумлення кожнага з нас пытаннем: чым адкажаш на такі давер ты, чалавек?”

“Нам трэба пачуць гэтае пытанне ў абставінах уласнага жыцця, – гаворыцца ў пасланні. – Кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос заклікае быць паўнавартаснай асобаю – тым, хто зможа змяніць малую частку навакольнага свету. Галоўная сіла, здольная дапамагчы грамадству ў цяжкі час, – гэта сіла богападобнай асобы, чалавека. Нашая адказнасць – у тым, каб пражываць сваё жыццё як зваротны дар Хрысту, Які цяпер нарадзіўся. Гэта азначае, што мы закліканыя да годнай і добрасумленнай працы, чулага і ўважлівага стаўлення адзін да аднаго, пакаяння і шчырай малітвы да Бога”.

“Дай Бог, каб у новым годзе мы памяталі, куды нам ісці. Каб наш шлях асвятляла Калядная зорка, якая дапамагае бачыць цуд там, дзе зайздрасць і злосць Ірада намагаюцца вынішчыць чалавечы, асабовы пачатак. Са святам, дарагія браты і сёстры! З Раством Хрыстовым! Няхай захавае Гасподзь Сваёй добрасцю ўсё станоўчае, што нараджаецца ў нашых сэрцах, каб у гэты дзень мы змаглі ад шчодрасці сэрца вынесці насустрач адзін аднаму мір, радасць і любоў!” – гаворыцца ў святочным пасланні галавы БПЦ.

Мітрапаліт Філарэт узяў удзел ва ўсяночным бадзёранні, якое пачалося ў галоўнай праваслаўнай святыні краіны – менскім Свята-Духавым кафедральным саборы – 6 студзеня а 18:00.

Плануецца, што галоўны сабор Беларусі сёння таксама наведае Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў