Новая мода: шлюб у лядовым горадзе


Масавае вяселле прайшло ў Харбіне (Кітай) падчас Фестывалю снегу і лёду.

Васямнаццаць жаніхоў і нявестаў 6 студзеня пабраліся шлюбам на фоне скульптураў з лёду. Фестываль праходзіць 28-мы раз і звычайна прыцягвае натоўпы турыстаў. Ісці пад гукі вясельнага маршу па чырвонай дарожцы маладым давялося пры мінус трынаццаці градусах. Таму замест традыцыйных высокіх абцасаў шмат якія нявесты выбралі цёплыя зімовыя боты.

Жаніхі ды нявесты абменьваліся пярсцёнкамі ды давалі клятву ў вернасці пад пільным вокам гіганцкай скульптуры багіні снегу. Самым надзвычайным вяселле было для нігерыйцаў Олюўатоіна і Олянке Популя – хіба маглі яны марыць пра такое ў Афрыцы, дзе снегу не бывае?

Фестываль пачаўся 5 студзеня і працягнецца цэлы месяц. Адна з яго галоўных прынадаў – выстава ліхтароў і скульптураў з лёду і снегу. Тысячы іх выставяць у заснежаных парках, на плошчах і цэнтральных вуліцах гораду. Пры гэтым скульптуры могуць быць самых розных памераў – ад зусім маленькіх да гіганцкіх, памерам з аўтобус. Розныя і віды фігураў: гэта людзі ды жывёліны, замкі ды пагады, і шмат чаго іншага.

Фестывалі лядовых выяваў праводзяцца па ўсім свеце, але харбінскі – самы буйны з іх, гаворыцца на афіцыйным сайце імпрэзы. Харбін размешчаны на мяжы з Расеяй, у правінцыі Хэйлунцзян. Непадалёк месцяцца найлепшыя гарналыжныя цэнтры краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў